Дзень горада і 90-годдзе раёна адзначаюць Смалявічы

27 сентября 2014

Спаборніцтвы па сілавым экстрыме, горад майстроў і музычная праграма. Сёння ў Смалявічах двайное свята: Дзень горада і 90-годдзе заснавання раёна. Народныя гулянні разгарнуліся у цэнтры - з гэтай нагоды вуліцы зрабілі пешаходнымі. Акурат да значных падзей прымеркавалі і важныя адкрыцці. У горадзе з'явіліся новая вуліца і футбольны стадыён.


З падрабязнасцямі Аляксандра Драгун. Беларэчанская - новая вуліца спадарожніка Мінска. Шыльду на першым будынку - дзіцячым садку - адкрылі сёння разам з пабрацімамі з Расіі, у гонар якіх і далі назву.


Два гады Смалявіцкі раён сябруе з Беларэчацкім. На гэтым тыдні дэлегацыя з Расіі прыехала на маладзёжны фестываль. Але сябры не маглі абмінуць значную падзею для смалявіцкай зямлі - свята горада і 90-годдзе заснавання раёна.


Для жыхароў Смалявіч - аматараў футбола прыемная навіна! Сёння адкрылі новае поле памерам амаль 8 тысяч квадратаў. За штучным пакрыццём будзе сачыць спецыяльная тэхніка, якую ўжо набылі. Стадыён пакуль на 150 месцаў для балельшчыкаў, але іх хутка павялічаць у два разы.


Футбольнае поле знаходзіцца ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, што ў аграгарадку Кастрычніцкі, але карысць ад спартыўнага аб'екта для ўсяго раёна.


Сёння цэнтр горада зрабілі пешаходным. Уздоўж вуліц размясцілі гандлёвыя рады з вырабамі ручной працы, пункты грамадскага харчавання і сцэну для творчых калектываў.


Спаборніцтвы па сілавым экстрыме, горад майстроў, выставы і стравы нацыянальнай кухні. І ўсё гэта пад музыку раённых гуртоў. Святочная праграма праходзіць тут, у цэнтры горада. У гэтыя хвіліны народныя гулянні працягваюцца і скончацца каля поўначы.


Нягледзячы на пахмурнае надвор'е па пакупкі і святочны настрой жыхары і госці Смалявіч прыходзяць цэлымі сем'ямі.


У дзесяць вечара неба над горадам упрыгожыць феерверк, затым запланаваная танцавальная праграма.