Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі сёння адзначаюць у дзвюх краінах

4 апреля 2016

Дагавор аб стварэнні супольнасці дзяржаў быў падпісаны 20 гадоў таму Аляксандрам Лукашэнкам і Барысам Ельцыным. Гісторыя Саюзнай дзяржавы ў фатаграфіях - міні-экспазіцыя разгарнулася ў фае Белдзяржфілармоніі, дзе сёння прайшоў святочны канцэрт "Мінск - Масква 20 гадоў". Са святам беларусаў і расіян павіншавалі лідары дзвюх краін. Прывітанне ад прэзідэнтаў - Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна - зачыталі са сцэны. Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі сімвалізуе шматвяковую агульную гісторыю і пацвярджае жаданне нашых краін разам будаваць будучыню.

Іван Бамбіза, намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы: "Сёння кожны беларус і расіянін, я лічу, адчувае сябе не чужым чалавекам на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Гэтае найважнейшае дасягненне гэтага 20-годдзя. Мы можам свабодна ездзіць у Расію, расіяне прыязджаць у Беларусь. Працоўная міграцыя вольная. Правілы працоўных адносін Беларусі і Расіі ў галіне пенсіённага забеспячэння, сацыяльнага страхавання, падатковага заканадаўства практычна адзіныя".

Юрый Вараб'ёў, намеснік старшыні Савета Федэрацыі, намеснік старшыні Парламенцкага сходу, Герой Расіі: "Галоўная задача - крок за крокам паляпшаць жыццё нашых людзей. Вядома, без моцнай эканомікі, без вырашэння сацыяльных пытанняў гэтага зрабіць нельга, але ўсе павінны добра працаваць. Мы павінны ствараць умовы, каб і расіяне, і беларусы дружна, разам узаемадзейнічалі ў пытаннях эканомікі, развіцця гаспадаркі сваёй і будавалі сваё жыццё".

На акадэмічнай сцэне ў гэты вечар выступалі артысты дзвюх краін, якіх любяць і ведаюць і ў Беларусі, і ў Расіі. Гучалі вядомыя песні і прэм'еры.