Беларусь сёння ўспамінае трагічную дату ў гісторыі. 37 гадоў назад, 26 красавіка 1986 года, у 01:23 на Чарнобыльскай АЭС адбылася найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа, падзяліўшы жыццё мільёнаў людзей на да і пасля.
Радыеактыўнае воблака закранула больш за 20 краін. Але ў найбольшай ступені пацярпела Беларусь. Забруджванне нашай тэрыторыі склала 23 % - гэта амаль чацвёртая частка ўсёй плошчы. Вялізны ўрон быў нанесены сельскай гаспадарцы - прыкладна пятая частка сельгасзямель былі забруджаныя. Пацярпелі 3,5 тыс. населеных пунктаў, у якіх пражывала больш за 2 млн чалавек. Амаль паўмільёна жыхароў апынуліся ў зоне адчужэння і былі вымушаны пакінуць свае дамы.
Пераадольваць наступствы катастрофы - нацыянальная задача
Але, нягледзячы на гэта, мы навучыліся спраўляцца і пераадольваць наступствы катастрофы - гэта стала прыярытэтнай нацыянальнай задачай: ад надзвычайных мер на пачатковым этапе, рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый і, нарэшце, да іх сацыяльна-эканамічнага адраджэння. Каласальныя сілы і сродкі былі ўкладзены ў маштабныя мерапрыемствы: з 1990 года з бюджэту была накіраваная сума, эквівалентная 19 млрд долараў, на выкананне пяці дзяржпраграм. Зараз у Беларусі рэалізуецца шостая. Яна разлічаная да 2025 года. Асноўныя прыярытэты дзяржпалітыкі ў дачыненні пацярпелых рэгіёнаў застаюцца нязменнымі: забеспячэнне сацабароны, аказанне медыцынскай дапамогі, санаторна-курортнае лячэнне, садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёнаў і шматлікае іншае. А вопыт Беларусі ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай трагедыі заслугоўвае самых высокіх адзнак на сусветным узроўні.













