"Справа маладых". Выкладчык па лёгкай атлетыцы з Віцебскага раёна Вераніка Клятчанка

14 января 2019

Быць прыкладам для сваіх выхаванцаў - такую задачу з першых дзён працы паставіла для сябе трэнер - выкладчык па лёгкай атлетыцы з Віцебскага раёна Вераніка Клятчанка. У свае 23 яна выхоўвае цягавітасць і сілу духу ў сельскіх школьнікаў. На плённую працу натхняюць знаёмыя з дзяцінства месцы. Характэрна, што яшчэ падчас навучання ў ВНУ сваю прафесійную будучыню дзяўчына злучала менавіта са сваёй малой радзімай.

Падрабязней - у нашай пастаяннай рубрыцы "Справа маладых".

Расказвае Марына Раманоўская.

У свае дваццаць тры Вераніка Клятчанка ўжо намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віцебскага раёна. Але адміністрацыйную працу малады кіраўнік з лёгкасцю сумяшчае з трэнерскай. Заняткі па лёгкай атлетыцы праводзіць у Суйкаўскай школе. Цягавітасць і сілу духу Вераніка Клятчанка выхоўвае ў дзяцей рознага ўзросту.

Для трэнера-выкладчыка гэтыя калідоры, кабінеты і спартыўная зала асаблівыя. Вераніку Клятчанку многія педагогі памятаюць яшчэ вучаніцай. Пасля заканчэння ВНУ дзяўчына вярнулася ў родную школу. Два гады працавала настаўнікам фізкультуры. Паралельна праводзіла заняткі па лёгкай атлетыцы. Гаворыць, што заўсёды ведала: старання і ўпартасці ў сельскіх школьнікаў даволі.

Прыкладам для Веранікі Клятчанкі стаў яе настаўнік фізкультуры. Педагагічны стаж Анатоля Дзеравянкі - больш за пяцьдзясят гадоў. Вопытны настаўнік і трэнер па сумяшчальніцтве падкрэслівае: важна як мага раней прыцягваць дзяцей да спорту і здаровага ладу жыцця. У першую чаргу і сваім асабістым прыкладам.

Урок фізкультуры ў Суйкаўскай школе - у спісе самых любімых. Улетку на адкрытай пляцоўцы дзеці гуляюць у футбол і валейбол. А ўзімку ўсёй школай становяцца на лыжы. На заняткі спортам натхняюць і бацькоў. А хто хутчэйшы, вышэйшы і мацнейшы, вызначаюць на сямейных спартыўных святах.

У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Віцебскага раёна больш за дзвесце выхаванцаў. Стаўку робяць на баскетбол і лёгкую атлетыку. Спартсмены-пачаткоўцы ведаюць смак перамогі. Сістэмная падрыхтоўка дазваляе быць сярод лепшых.

Вольны час Вераніка Клятчанка таксама імкнецца бавіць з максімальнай карысцю для здароўя. Зараз самы час для лыжных прагулак.