"Справа маладых". Паляўніцтвазнаўца Чашніцкай рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі Юлія Мядзведзева

16 января 2019

Лес і нататкі паляўнічых яна ведае і любіць з дзяцінства. Юлія Мядзведзева - прадстаўніца рэдкай для жанчыны прафесіі. Ёй усяго 28 і працуе яна паляўніцтвазнаўцам Чашніцкай рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі. Кантроль за егерскай службай, укараненне новых метадаў вядзення паляўнічай гаспадаркі, адсочванне колькасці жывёл, арганізацыя палявання - гэта ўсё яе клопаты. Выпускніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці эколаг. І веды, атрыманыя ў ВНУ, мае намер выкарыстаць на карысць малой радзімы. Юлія Мядзведзева - гераіня нашай нязменнай рубрыкі "Справа маладых".

Распавядае Вольга Маслоўская.

"Чытаць" сляды паляўніцтвазнаўца Юлія Мядзведзева ўмее добра. Сюды на прынаду ўжо каторы дзень прыходзіць ваўчыная зграя, а гэта поле з азімымі пабілі капытамі алені. Нягледзячы на тое, што ў Чашніцкай рыбалоўна-паляўнічай гаспадарцы Юлія працуе менш за год, законы дзікай прыроды ведае. Выпускніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці эколаг. А аповеды падлоўчых чула з дзяцінства - паляваннем захапляецца бацька.

Угоддзі Чашніцкай рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі - гэта больш за 130 тысяч гектараў. Палі, лес, балоты. Насяляюць бабёр, куніца, казуля, лось, а з нядаўніх пор яшчэ і высакародны алень. Год назад у дзікую прыроду выпусцілі 87 асобін. Жывёла адчувае сябе камфортна, прыжылася і, магчыма, пакладзе пачатак стварэнню новай папуляцыі ў чашніцкіх лясах.

Асаблівая ўвага дзікім насельнікам узімку. Паляўніцтвазнаўца асабіста аб'язджае падкормавыя пляцоўкі. Кармушкі тут папаўняюць рэгулярна.

Зіма - не лепшы час для дыеты. У маразы жывёле неабходна паўнавартаснае харчаванне, але глыбокія гурбы не дазваляюць здабываць ежу самастойна. Таму каля такіх кармушак студзеньскімі вечарамі ажыўлена.

У меню - сена, збожжа, капуста і буракі. Кармоў хапае. Збожжа нарыхтавалі больш за 15 тон, караняплодаў 50 тон. Азімымі засеялі падкормавыя палі. Саладкаваты пасля марозу смак рапсу асабліва падабаецца грацыёзнай жывёле.

Гадоўля гэтага віду капытных - адна з магчымасцяў вырашыць праблемы паляўнічай гаспадаркі, якія ўзніклі ў сувязі з памяншэннем папуляцыі дзіка. Калі колькасць высакароднага аленя стане аптымальнай, можна будзе арганізоўваць паляванне. Сярод жадаючых здабыць трафей шмат расіянаў. Летась 33 туры правялі для іх. Арганізацыяй палявання займалася Юлія Мядзведзева.

У найбліжэйшы час Юлія мае намер і сама атрымаць дазвол на права палявання. Праўда, гэтым у Чашніках нікога не здзівіш. Сярод мясцовых паляўнічых ужо ёсць тры жанчыны. І ў справе здабычы звера яны могуць даць фору любому.