"Справа маладых". Пра маладых спецыялістаў Віцебскай вобласці

8 апреля 2019

Цэнтрам прыцягнення перспектыўных кадраў становіцца  АПК. 

Гарантаваць харчовую бяспеку  ўсё больш прыцягваюць і маладых спецыялістаў. Паўднёвыя рэгіёны, дарэчы, ужо завяршаюць пасяўныя работы. Засеяна амаль 97 % плошчаў у Брэсцкай вобласці і 86 % у Гомельскай. На ўзроўні трымаюць тэмпы апрацоўкі глебы і сяўбы  і аграрыі Віцебскай вобласці, хоць і пазней за іншых уключыліся ў палявыя работы. Нараўне са строгім захаваннем тэхналогій  уносяць у працу і свежы погляд. Так, у адной з гаспадарак рэгіёна  ўсе структурныя падраздзяленні ўзначальваюць спецыялісты  20 плюс. Пра "Справу маладых"  -  Марына Раманоўская.

Віталь Вараб'ёў - адзін з самых маладых кіраўнікоў у сферы АПК паўночнага рэгіёна краіны. У свае 27 ён робіць паспяховай некалі стратную гаспадарку. Гарадскі жыхар, чыя сям'я далёкая ад сельскай гаспадаркі, не пабаяўся рэалізаваць свае амбіцыі на сяле. У распараджэнні 6 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Аграном па адукацыі ведае, што агульны вынік залежыць ад строгага захавання тэхналогій.

Віталь Вараб'ёў, дырэктар філіяла "Вымна" ААТ "Малако": "Я пачынаў сваю працоўную дзейнасць на пасадзе галоўнага агранома і запомніў такую адну добрую фразу: дрэнных зямель не бывае, а трэба проста працаваць. Галоўнае -  арганізацыя работы, камандны дух, каб людзі прыйшлі ў пасяўную з настроем. Галоўнае -  перад людзьмі ставіць дакладныя задачы".

Філіял "Вымна" - кузня перспектыўных кадраў. Летась у гаспадарку прынялі 7 маладых спецыялістаў. Аграном-насеннявод Юлія Туравец на працу ў вёску прыязджае з абласнога цэнтра. Выпускніца сельгасакадэміі не баіцца эксперыментаваць. Сёлета годнага ўраджаю чакаюць ад гібрыднага азімага жыта. Пад гэтую культуру адвялі больш за 300 гектараў.

У паўночным рэгіёне краіны актыўна пасяўная праходзіць ва ўсіх гаспадарках. У лідарах Чашніцкі, Глыбоцкі, Лепельскі, Докшыцкі раёны. Выйсці першымі ў палі дазволілі лёгкія глебы. Паралельна аграрыі ўносяць угнаенні пад азімыя.

Але і цяжкія землі, а ў Віцебскім раёне такіх большасць,  не перашкода для годнага ўраджаю,  упэўненыя ў гаспадарцы "Вымна". Галоўнае - строга выконваць тэхналагічны ланцужок. Своечасовая гатоўнасць тэхнікі, а на лінейцы машыны стаялі задоўга да старту работ, дазволіць без прамаруджвання правесці вясенне-палявую кампанію.

Агульная пасяўная плошча ў паўночным рэгіёне краіны - без малога 800 тысяч гектараў. Палову апрацавалі восенню, яшчэ 400 тысяч гектараў трэба засеяць вясной. Акцэнт  на кармавыя культуры, каб кожны раён змог цалкам забяспечыць жывёлагадоўлю паўнавартаснымі збалансаванымі кармамі.

Агульнае пагалоўе кароў гаспадаркі "Вымна" – больш за  2 з паловай тысячы. Амаль 90 % малака экстра-класа.

Нягледзячы на тое, што вясна набліжаецца да завяршэння,  кармоў у дастатку. Захоўваюць іх выключна ў траншэях. Летась узвялі дзве, зараз будуюць яшчэ адну. Планаў развіцця сельгаспрадпрыемства шмат. І ўсе яны звязаныя з людзьмі. Малады дырэктар упэўнены: АПК можа стаць цэнтрам прыцягнення перспектыўных кадраў.