Спартыўны вынік будзь тое яшчэ ў пачатку шляху або ўжо ў вялікім спорце, гэта заўсёды вынік працы каманды або тандэма спартсмен - трэнер. Гэта пацвярджае і наш наступны герой.
Аўтарытэт майстра спорту Беларусі па кікбоксінгу Яўгена Гушчанкі як настаўніка бясспярэчны, і да 28 гадоў ён ужо ганарыцца дасягненнямі сваіх вучняў - пераможцаў і прызёраў сусветных першынстваў. У тым ліку і дзякуючы такому паспяховаму тандэму ў назве спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы, дзе працуе Яўген, з'явіўся важны дадатак - "алімпійскага рэзерву". Аб бескампрамісным паядынку ў жыцці і на рынгу - у нашай рубрыцы "Справа маладых". Расказвае Вольга Маслоўская.
Наперадзе - серыя міжнародных турніраў у Прыбалтыцы, потым найважнейшы старт сезона - чэмпіянат Беларусі. Напярэдадні спаборніцтваў трэніроўкі два разы на дзень. Спорт высокіх дасягненняў - гэта няпроста, гаворыць трэнер Яўген Гушчанка. Перамога любіць моцных і бескампрамісных. Майстар спорту Беларусі па кікбоксінгу, бронзавы прызёр Кубка свету 2012 года ў спартзале вырас. Пачынаў у першым класе. Праўда, не на рынгу, а на бегавой дарожцы. Да 16 гадоў зарабіў першы дарослы разрад па лёгкай атлетыцы. А потым надзеў пальчаткі і пайшоў баксіраваць. Кікбоксінг стаў для атлета відам спорту № 1.
У спартыўнай школе, дзе працуе Гушчанка, аддзяленне кікбоксінга з'явілася некалькі гадоў таму. Від спорту не алімпійскі, але, тым не менш, папулярнасць заваяваў вялізную. Віцебскія спартсмены сталі прывозіць узнагароды з міжнародных турніраў. А пра маладога трэнера загаварылі як пра таленавітага настаўніка.
Мяркуйце самі: Яўген Чарвінскі два гады запар бярэ Кубак Еўропы, Кірыл Варабей - прызёр першынства свету - 2018 сярод юніёраў. А гэта - аўтар самага хуткага накаўта на чэмпіянаце Еўропы Артур Вінакураў. Каманда мары - ганарліва гаворыць трэнер. Яўген Гушчанка працуе са спартсменамі рознага ўзросту. Спецыяльнага адбору ў секцыю не праводзіць. Гаворыць, часам жаданне і працавітасць робяць больш, чым талент.
Спецыялісты ўжо гавораць аб віцебскай школе кікбоксінга. І калі яшчэ некалькі гадоў таму ў горадзе не хапала трэнераў па гэтым маладым відзе адзінаборстваў, то сёння за плячыма Яўгена Гушчанкі надзейныя памочнікі. Яго выхаванцы паступаюць у спецыялізаваныя ВНУ і ўжо працуюць з маленькімі спартсменамі.













