"Справа маладых". Архітэктары Андрэй Макоўскі і Аляксей Караблёў

4 апреля 2019
Яны стварылі сваё архітэктурнае бюро яшчэ студэнтамі. І менавіта іх імёны сёння асацыююць з сучасным беларускім дызайнам. Андрэй Макоўскі і Аляксей Караблёў - неаднаразовыя пераможцы шматлікіх конкурсаў. Ім няма 30, але ўжо іх запрашаюць на майстар-класы ў якасці лектараў. Тандэм нават запусціў свой брэнд мэблі з прыстаўкай BY. За што іх праекты цэняць замежныя заказчыкі, які ён, сучасны беларускі інтэр'ер,  -  глядзіце ў нашай пастаяннай рубрыцы "Справа маладых". 

Глухая сценка звернута да дарогі, каб прыватнае жыццё ўладальнікаў дома было закрыта ад вачэй. На жаль, пакуль мы будавалі гэты дом, хутчэй за нас пабудавалі вось гэты супермаркет. Зрабіць акно не ў сцяну суседняга дома, а адкрыць захапляльны урбаністычны краявід - няпростая задача перад праекціроўшчыкамі жылога дома ў шчыльнай гарадской забудове. Маладыя архітэктары Аляксей Караблёў і Андрэй Макоўскі вырашаюць нестандартныя задачы ў дуэце. Яны ведаюць, як нават у вялікім горадзе пазбавіцца ад адчування каменных джунгляў і даць памяшканням больш святла і паветра.

Без дыплома, але з вялікімі амбіцыямі. Андрэй і Аляксей стварылі сваё архітэктурнае бюро яшчэ тады, калі былі трэцякурснікамі БНТУ. Дзёрзка, без капіталу ў кішэні. Да сабе ў кампанію запрасілі працаваць такіх жа нявопытных, але перспектыўных. 

Брэнд з нацыянальным каларытам. Кампанію назвалі па-беларуску. І гэта стала, што называецца, іх фішкай. Усе супрацоўнікі архітэктурнага бюро валодаюць беларускай - на ёй заказчыкам прынцыпова даецца праектная дакументацыя. Выключэнне толькі для іншаземцаў. Інтэр'еры з нашым каларытам ужо ацанілі кліенты са Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі, Італіі, Канады, Саудаўскай Аравіі.

Сёння ў штаце іх кампаніі - 28 супрацоўнікаў. Апроч кіраўніцтва архітэктурным бюро, яны даюць майстар-класы, чытаюць лекцыі, публікуюцца ў профільных выданнях. Нядаўна тандэм адважыўся запусціць лінейку брэндавай мэблі з прыстаўкай BY.

Рэалізуюць сябе не толькі ў тандэме. Андрэй вядомы яшчэ пад правакацыйным псеўданімам Bezdar, насуперак нікнэйму спрабуе сябе ў індустрыі моды.

3 гады таму Андрусь Bezdar запусціў брэнд уласнага  адзення. Гэта рэчы, выкананыя ў стылі урбан або, прасцей кажучы, у духу вялікага горада, але абавязкова з нашым беларускім каларытам. Напрыклад, майкі, байкі ўпрыгожвае вось такі вось саламяны конік.  Дарэчы, калекцыю ацанілі прафесіяналы fashion-індустрыі. Яна была прадэманстравана на Беларускім і Адэскім тыднях моды.