"Справа маладых". Алесь Суша захоўвае культурную і кніжную спадчыну Беларусі

24 мая 2019

І зараз у нашай рубрыцы мы распавядзем пра чалавека, які сваёй штодзённай працай захоўвае культурную і кніжную спадчыну Беларусі, робіць яе сапраўдным нацыянальным брэндам. Алесь Суша сумяшчае пасаду кіраўніка і выдавецкую дзейнасць, працуе над узнаўленнем факсімільнай спадчыны Францыска Скарыны. Пра чалавека, які ініцыяваў стварэнне Беларускай электроннай бібліятэкі, - Дар'я Тарасава.

У яго руках захаванне нацыянальнай спадчыны краіны. Для звычайнага наведвальніка бібліятэкі адчуць навобмацак кнігу «Мудрасць Божая» Францыска Скарыны, якая ўбачыла свет у Празе пяць стагоддзяў таму, амаль немагчыма. Алесь Суша добра ведае, як ставіцца да кніжных помнікаў, каб зберагчы іх на стагоддзі наперад. На працягу 15 гадоў з'яўляецца супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Стварыў шэраг міжнародных праектаў у галіне кнігазнаўства, двойчы стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта і ўладальнікам прэзідэнцкага гранта.

Алесь Суша,  намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: "Канешне, праз мае рукі прайшла вялікая колькасць гэтых кніг, але былі кнігі, да каторых я, нават ужо калі быў супрацоўнікам, баяўся дакрануцца, паколькі для мяне асабіста гэта было святыняю - і нацыянальнай, і міжнароднай. Гэта можна сказаць, напрыклад, пра інкунабулы, пра кнігі часоў Ёгана Гутэнберга, выданні XV стагоддзя".

Хаця сам трапіў працаваць у Нацыянальную бібліятэку амаль што выпадкова. Завітаў сюды студэнтам, захапіўся навуковымі даследаваннямі і вырашыў застацца. Працаваў навуковым сакратаром, а пасля заняў адну з найвышэйшых пасад.

Алесь Суша,  намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: "Выбар прафесіі быў абсалютна не звязаны наўпрост з бібліятэчнай галіною, у мяне былі планы і ваганні яшчэ пасля сёмага класа, ці пайсці ў эканамісты ці праграмісты, ці ў культуролагі. Бібліятэка была выпадковасцю ў маім жыцці, але стала заканамернасцю".

Дзякуючы Алесю Аляксандравічу бібліятэка працягвае працу па пошуку і камплектаванні калекцыі нацыянальных старажытных дакументаў і кніжных помнікаў. Так, падчас вывучэння спадчыны Скарыны пачалі супрацоўнічаць з Лонданскай бібліятэкай, якая носіць імя першадрукара. Алесь Суша правёў там некалькі персанальных лекцый, прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю Скарыны, і нават завёў статусных сяброў.

Арнольд МакМілін,  прафесар Лонданскага ўніверсітэта, Вялікабрытанія: "Алесь - цудоўны прыклад беларускага характара: сціплы і разумны".

Суша займаецца грамадскай працай, з'яўляецца старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і падтрымлівае ўстойлівыя сувязі ў галіне захавання кніжнай спадчыны з беларускай дыяспарай за мяжой. 

Распрацоўка Беларускай электроннай бібліятэкі - ініцыятыва Алеся Сушы.
Зрабіць кніжныя помнікі даступнымі анлайн. Распрацоўка Беларускай электроннай бібліятэкі - ініцыятыва Алеся Сушы. Дзякуючы сучасным тэхналогіям алічбоўкі, якія падгледзелі ў замежных калег, Нацыянальная бібліятэка сёння налічвае ў сваім электронным каталогу звыш пяцісот тысяч лічбавых копій. Сярод іх каштоўныя калекцыі рукапісаў, архіўных дакументаў, старадрукаў і рэдкіх выданняў. 

Крэатыўна Нацыянальная бібліятэка падышла і да святкавання тысячагоддзя Брэста. Так, самая вялікая кніга, якая ўбачыла свет у Беларусі і належыць да выдання першай друкарні на тэрыторыі нашай краіны, - Берасцейская Біблія паўстане ў новай папяровай форме. Яна будзе перавыдана больш як праз чатыры стагоддзі пасля свайго з'яўлення. Паколькі Берасцейская Біблія мае фаліянтны памер і налічвае паўтары тысячы старонак, праца стане самым вялікім выданнем за гісторыю існавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.