"Справа маладых". Аграгарадок Кушлікі

17 апреля 2019
Маладосць і жаданне працаваць на зямлі аб'ядноўвае жыхароў аграгарадка Кушлікі Полацкага раёна. Населены пункт цалкам можа прэтэндаваць на званне самага моладзевага. Сярэдні ўзрост яго жыхароў - 36 гадоў. Маладыя і перспектыўныя не баяцца звязваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Аграномы, механізатары, заатэхнікі. Чым такі прывабны аграгарадок для моладзі - у пастаяннай рубрыцы "Панарамы" "Справа маладых" раскажа Марына Раманоўская. 

З кожнай вясны прысядзібны ўчастак сям'і Сарокіных становіцца ўсё прыгажэйшы. Гарод, вінаграднікі, плантацыя клубніц - усё патрабуе гаспадарскага падыходу. Алеся і Дзмітрый - прыезджыя. Утульны аграгарадок Кушлікі ўжо стаў для іх родным. У аддаленым ад райцэнтра аграгарадку жыццё кіпіць круглы год. Для камфорту людзей - усе ўмовы. У Кушліках пражываюць ледзь больш як 400 чалавек. У сельскім выканкаме падлічылі: сярэдні ўзрост жыхароў - 36 гадоў. Маладосць і жаданне працаваць тут шануюць. У мясцовай гаспадарцы працуюць без малога 200 чалавек. Прычым на працу прыязджаюць нават з горада. Сярод механізатараў, заатэхнікаў, аграномаў шмат маладых спецыялістаў. Для перспектыўных кадраў у аграгарадку прадугледжана камфортнае жыллё.

Сваё першае працоўнае месца ў Кушліках атрымала і Анастасія Сафронава. Жыхарку Наваполацка не спалохала праца на сяле. Малады бухгалтар выявіла сябе як добры спецыяліст. Гаворыць, ані не пашкадавала, што і пасля размеркавання засталася працаваць у гаспадарцы. Плошча сельгасугоддзяў гаспадаркі - больш як 3000 гектараў. Акрамя зерневых і зернебабовых, тут вырошчваюць гародніну і бульбу. Некалькі гадоў таму ўзвялі сучаснае сховішча. Раман Касецкі працуе ў гаспадарцы аграномам. Пасля заканчэння сельгасакадэміі малады чалавек, не разважаючы, вярнуўся ў родныя з дзяцінства месцы. Жыхары Кушлікаў робяць свой аграгарадок прыгажэйшым. Мінулай восенню заклалі вялікі яблыневы сад. Сваё дрэва тут ёсць у кожнай маладой сям'і.