Дайджэст падзей Магілёўскага рэгіёна

17 ноября 2018

Магілёў далучыўся да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва. Консульства Рэспублікі Казахстан цяпер працуе і на ўсходзе краіны. Японцы на прыкладзе французаў не супраць набываць шклоўскія домікі. Насычаны тыдзень Магілёўскага рэгіёна - у дайджэсце падзей.

Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць бізнес-праекты, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў, у тым ліку - малых населеных пунктаў. Гаворка ідзе не толькі пра фінансавую падтрымку стартапаў - да ведама, гэтая лічба сёлета дасягне амаль мільёна рублёў. Але і ўключэнне малых кампаній у сістэму прамысловай кааперацыі. Прасцей - навошта набываць камплектуючыя за мяжой, калі іх вытворчасць магчыма наладзіць па суседстве? Як зрабіць гэты працэс больш актыўным - абмяркоўвалі на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва ў Магілёве прадстаўнікі бізнесу, прамысловасці і навукі.

У Магілёве ўрачыста адкрыта ганаровае консульства Рэспублікі Казахстан. Прадстаўляць краіну-партнёра па Еўразійскім эканамічным саюзе будзе ўраджэнец Беларусі, у мінулым - спартсмен, цяпер - вядомы бізнесмен у Астане - Сяргей Дземяшкевіч. Сярод асноўных функцый установы - садзейнічанне павелічэнню тавараабароту паміж краінамі. Сёлета ён набліжаецца да мільярда долараў. Казахстан уваходзіць у тройку краін-лідараў у знешнім гандлі Магілёўскай вобласці. Экспарт, напрыклад, толькі малочнай прадукцыі вырас амаль у 100 разоў. Задзейнічаць увесь патэнцыял супрацоўніцтва - галоўная мэта консульстваў.

Зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з магілёўскімі вытворцамі і японскія бізнесмены. Дэлегацыя наведала Шклоўскі раён. Асабліва прывабілі драўляныя домікі, якія вырабляюць на мясцовым заводзе. З якіх французы ў Латарынгіі нават цэлую вуліцу адкрылі і яшчэ 60 дамоў заказалі. Не супраць і японцы. На востраве Акінава будуюць курорт. І домікі для адпачынку будуць дарэчы. Не адмовяцца і ад невялікіх мабільных - для пацярпелых ад прыродных наступстваў сямей. Перамовы пачаліся.

Году малой радзімы, які сёлета адзначаецца на Беларусі, прысвечана новая выстава музея Бялыніцкага-Бірулі, што ў Магілёве. З фондаў Нацыянальнага музея. Аўтары твораў - беларускія жывапісцы 20-га стагоддзя, якія нібыта акунаюць у гістарычную атмасферу абласных цэнтраў і пераносяць гледача ў мінулыя стагоддзі і невядомую сучаснасць. 26 твораў Анатоля Бараноўскага, Уладзіміра Лагуна, Хаіма Ліўшыца, Віталя Цвірко і іншых мастакоў шчыра і сардэчна вядуць аповед пра непаўторнасць родных сэрцу мясцін.

Працаваць выстава будзе ўвесь месяц.