Новая паліклініка для дзяцей і дарослых хутка прыме першых пацыентаў у Магілёве. У абласным цэнтры пачалося будаўніцтва новага мікрараёна. Ордэн Чырвонай Зоркі ўручаны ваеннай установе. А яшчэ ўпершыню Магілёў прымаў экафэст. Больш падрабязна ў дайджэсце падзей усходняга рэгіёна краіны.
Падарунак для медыкаў і жыхароў Магілёва. Хутка ў новым мікрараёне Спадарожнік прыме першых пацыентаў сучасная паліклініка. Акрамя дыягностыкі, тут размесціцца водалячэбніца, жаночая кансультацыя, стаматалогія і рэнтген-кабінет. Новая медыцынская ўстанова будзе абслугоўваць і дарослых, і дзяцей. А гэта звыш 37 тысяч жыхароў найбліжэйшых мікрараёнаў, а таксама пасёлкаў. Кошт праекта з паўсотні мільёнаў рублёў.
Пашырыцца Магілёў і новым мікрараёнам. Пачалося будаўніцтва Спадарожніка-2 плошчай амаль 18 гектараў. Зараз спецыялісты працуюць над пракладкай транспартнай інфраструктуры. Новы квартал напоўняць 16 шматпавярховак, а гэта звыш 1200 кватэр. Амаль паўтары тысячы парковачных месцаў, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, веладарожкі, парк.
Ордэн Чырвонай Зоркі ўручаны базе захоўвання бранятанкавай маёмасці, што ў пасёлку Галынец Магілёўскага раёна. Яе ваенная часць з’яўляецца пераймальнікам заслуг 105-га ордэна Чырвонай Зоркі склада, які быў заснаваны яшчэ ў 1941. Прымаў удзел у аперацыі "Баграціён" - у вызваленні Беларусі. Пасля расфарміравання склада ордэн знаходзіўся ў часці. Цяпер яна будзе не толькі захоўваць яго, але і насіць яго імя.
"Вахта памяці" - аперацыя па пошуку пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны - пачалася пад Быхавам з удзелам байцоў 52-га спецыялізаванага батальёна Мінабароны і ўдзельнікаў гісторыка-патрыятычнага клуба "Віккру". Менавіта ў гэтых мясцінах у ліпені 1941 прыняла бой з часцямі вермахта 137-я стралковая дывізія. Пакуль пошукавікам удалося знайсці пахаванні толькі 34 чырвонаармейцаў.
Магілёў усё больш далучаецца да экалагічных рухаў, аўтарам якіх выступае моладзь Цэнтра гарадскіх ініцыятыў. Гэтым разам абласны цэнтр прымаў упершыню экафэст. Майстар-класы па сартаванні смецця, як надаць старым рэчам новае жыццё, зрабіць цацкі сваімі рукамі і разбіць агарод - зацікаўленых знайшлося нямала. Вырашана не спыняцца і прадоўжыць практыку такога адпачынку.
Дайджэст падзей усходняга рэгіёна краіны
1 августа 2020














