Дайджэст падзей Гомельскага рэгіёна

7 декабря 2019
Адноўлены Музей нафты, новыя ўнікальныя аперацыі і чэмпіянат па самаабароне рэспубліканскага маштабу. Гэты тыдзень для Гомельскага рэгіёна быў багаты на падзеі. Якія менавіта - падрабязней раскажам у наступным дайджэсце. 

Расказвае Ганна Кавалёва. У Нацыянальным парку "Прыпяцкі" завяршаецца падрыхтоўка да навагодняга сезона. Тут знаходзіцца адна з самых вялікіх у Беларусі рэзідэнцый Дзеда Мароза. Яго называюць яшчэ палескім. Да прыёму гасцей забаўны комплекс у Ляскавічах амаль гатовы. Ёсць дом чараўніка, карчма і ўладанні Бабы-ягі. Маленькіх наведвальнікаў будуць частаваць гарачай гарбатай з блінамі і стравамі, прыгатаванымі на вогнішчы. А кампанію Дзеду Марозу і Снягурцы складзе высакародны алень Кузя. Дарэчы, летась іх наведалі больш за 5 000 чалавек.

Падарункам на Новы год для жыхароў Гомельскага рэгіёна стаў рэканструяваны Музей нафты. Гісторыю нафтаздабычы Беларусі цяпер распавядаюць з дапамогай сучасных тэхналогій і інтэрактыўных панэляў. Увогуле музею больш за 20 гадоў. У Гомельскай вобласці ён адзіны такога тыпу. Яго адкрылі ў гонар здабычы стамільённай тоны нафты. Сёлетняя рэканструкцыя доўжылася паўгода. Удвая больш часу спатрэбілася на стварэнне канцэпцыі.  

Сучасныя тэхналогіі ў Гомельскім рэгіёне ўкараняюць і ў медыцыне. Так, у абласным цэнтры пачалі рабіць новы від аперацый на грудной клетцы. Да гэтага методыка была даступная толькі гродзенскім спецыялістам. Цяпер унікальныя малаінвазіўныя ўмяшанні выконваюць і тут. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню працэс візуалізаваны і поўнасцю пад кантролем. Дарэчы, зараз у палескім рэгіёне пражывае каля 40 дзяцей з дэфармацыяй грудной клеткі. Цяпер яны маюць шанц на здаровае паўнавартаснае жыццё. 

Свае магчымасці ў Гомелі на гэтым тыдні паказалі не толькі медыкі, але і праваахоўнікі. Больш за 100 супрацоўнікаў сілавых структур з усёй краіны сустрэліся ў горадзе над Сожам, каб прыняць удзел у чэмпіянаце па самаабароне. За перамогу змагаліся на працягу чатырох дзён. Удзельнікам трэба было выцягнуць білет з сямю заданнямі. У кожным мадэлявалася рэальная сітуацыя. Напрыклад, абяззброіць нападаючага з пісталетам альбо халоднай зброяй. З кожным годам узровень удзельнікаў расце. Амаль усе, хто выступаў, абараняюць колеры беларускага флага на міжнародных спаборніцтвах.