Дайджэст падзей Брэсцкага рэгіёна

7 марта 2020
Прыгажосць выратуе свет! У Брэсце правялі дабрачынны паказ мод. Дызайнеры і мадэлі дапамаглі сабраць сродкі для хворага хлопчыка. А яшчэ ў горадзе з’явілася інтэрактыўная карта культавых будынкаў. Гэта дадатак для мабільнага тэлефона, у якім можна даведацца пра рэлігійныя аб’екты Брэста. Для турыстаў інфармацыю перакладуць на англійскую і польскую мовы. Пра гэтыя і іншыя цікавыя падзеі Брэсцкага рэгіёна – у наступным дайджэсце.

Адна на ўсіх Перамога. Валянціна Мацвіенка высока ацаніла ўклад Беларусі ў захаванне агульнай памяці аб подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне. Кіраўнік Савета Федэрацыі наведала Брэсцкую крэпасць. Гэта стала працягам афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Расіі ў нашу краіну. Высокія госці разам са спікерам верхняй палаты беларускага парламента Наталляй Качанавай ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання. А пасля наведалі "Музей вайны - тэрыторыя міру". Аб'ект будавалі сумеснымі намаганнямі беларускага і расійскага бакоў. Экспазіцыя размясцілася ў паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі. Адсюль байцы вялі абарону ў першыя дні вайны. Падчас экскурсіі палітыкі пагутарылі з ветэранамі.

Інтэрактыўная карта культавых будынкаў з'явілася ў Брэсце. У дадатку для мабільнага тэлефона маюцца выявы і інфармацыя пра рэлігійныя збудаванні Брэста. Аўтарам праекта стала вучаніца агульнаадукацыйнага ліцэя. У дадатак дзяўчына ўключыла тэксты пра аб'екты, аўдыягід і актыўныя спасылкі. Зараз адзінаццацікласніца перакладае праект на англійскую і польскую мовы, каб інтэрактыўнай картай маглі скарыстацца і турысты.   

Дабрачынны паказ мод правялі ў Брэсце. Дызайнеры і мадэлі дапамагалі сабраць грошы для васьмігадовага Марка Пашкевіча. У хлопчыка  ДЦП, і яму вельмі патрэбная рэабілітацыя. У модным паказе ўдзельнічалі  навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць кадры для лёгкай прамысловасці, швейныя фірмы і рамеснікі. Усяго дызайнеры прадэманстравалі 27 калекцый.

"Мы супраць булінгу" - праект з такой назвай пачалі рэалізоўваць у Баранавічах. З англійскай мовы “булінг” перакладаецца як “ганенне”. Сваё стаўленне да гэтага выказалі школьнікі горада: разам з прафесійным мастаком яны вырашылі намаляваць вялікую карціну на сцяне будынка гімназіі. Ініцыятыву падтрымлівае ЮНІСЕФ. Падчас рэалізацыі праекта дзеці будуць таксама здымаць сацыяльныя відэаролікі, удзельнічаць у квізах і майстар-класах.