Аграрыі працягваюць нарыхтоўку кармоў. Спрыяе касавіцы і сонечнае надвор’е. Як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць на палях паўночнага рэгіёна краіны? Праект "Другое жыццё" стартаваў у Віцебску, ён дапаможа людзям з абмежаванымі магчымасцямі атрымаць кулінарныя навыкі. І выстава вырабаў з керамікі. Як адраджаюць старажытнае рамяство? Больш падрабязна ў дайджэсце.
Расказвае Марына Раманоўская. Цёплае надвор’е дазволіла аграрыям нарасціць тэмпы работ на палях. У паўночным рэгіёне краіны плануюць нарыхтаваць 134 тысячы тон сена, амаль 2 мільёны тон сенажу і прыкладна столькі ж сіласу. Марудзіць нельга, бо значны аб'ём кармоў трэба атрымаць менавіта з першага ўкосу. Разам з іншай тэхнікай на палях працуюць прэс-падборшчыкі, якія заварочваюць ураджай у стрэйч-плёнку. Так кансервы для жывёл захаваюць максімум карысных элементаў.
Праект "Другое жыццё" рэалізуюць Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і політэхнічны прафесійны ліцэй. Выкладчыкі ствараюць вучэбны курс для пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які дапаможа набыць кулінарныя навыкі. Навучанне будзе праходзіць у доме-інтэрнаце. Курс разлічаны на 6 месяцаў.
Ад старажытных вобразаў да сучасных матываў. Гліняныя свістулькі, падсвечнікі, тэматычныя кампазіцыі і распісныя карціны. Больш за 100 работ прадэманстравала ў Віцебску майстар з Бешанковічаў Алеся Аўчыннікава. Некалькі гадоў яна займаецца адраджэннем традыцыйнай свістулькі Прыдзвінскага края. У калекцыі фігуркі пеўнікаў, качак, міфічныя і казачныя персанажы. Падчас адкрыцця выставы адбыўся майстар-клас, дзе можна было даведацца пра сакрэты вырабу глінянай свістулькі.
Дайджэст навін паўночнага рэгіёна
20 июня 2020













