Дайджэст навін Гомельскага рэгіёна

21 декабря 2019
Апошнія 7 дзён у Гомельскай вобласці на канцэртных і спартыўных пляцоўках панавалі нежартоўныя эмоцыі. У рэгіёне вызначылі лепшую маладую сям'ю, а таксама ўладальніцу звання "Місіс Гомельская вобласць". Акрамя таго, горад над Сожам прыняў міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Пра гэтыя і іншыя падзеі з жыцця палескага рэгіёна - наш наступны дайджаст.

У Жлобіне з’явіўся цэнтр ранняга ўмяшальніцтва. Ён стаў трэцім у вобласці, пасля гомельскага і мазырскага. Установа будзе абслугоўваць маленькіх жыхароў Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў. У базе даных зараз каля 300 дзяцей. Яна будзе папаўняцца. Работа цэнтра накіравана на аказанне шматпрофільнай дапамогі дзецям да трох гадоў. З імі будуць працаваць неўролаг, псіхолаг, дэфектолаг і інструктар-метадыст. Спецыялісты зоймуцца выяўленнем праблем са здароўем на ранніх стадыях, каб мінімізаваць альбо ўвогуле выключыць іх наступствы ў будучым. Для кожнага дзіцяці будзе складацца індывідуальная праграма.

Спецыялісты ўстановы прайшлі стажыроўку ў абласным рэсурсным цэнтры ранняга ўмяшальніцтва. Запланавана таксама павышэнне іх кваліфікацыі ў Мінску.

Пра значнасць сям'і і яе ролю гаварылі ў Нароўлі. Тут адбыўся другі абласны форум сямейных клубаў, а таксама фінал конкурсу “Лепшая маладая сям'я Гомельшчыны”. Удзельнікі абласнога этапу прайшлі раённыя адборы. За перамогу змагаліся восем сямей. Першай часткай конкурсу стала прэзентацыя сямейных міні-падворкаў. Акрамя таго трэба было прадэманстраваць свае артыстычныя здольнасці на сцэне. Лепшай на ўсіх этапах стала шматдзетная сям’я Лаўровых.

Яшчэ адзін конкурс з акцэнтам на сямейныя каштоўнасці адбыўся ў рэгіёне. У горадзе над Сожам выбралі “Місіс Гомельская вобласць ". За карону пераможцы змагаліся 12 удзельніц з Гомеля, Калінкавічаў, Светлагорска, Рагачова, Жлобіна і Мазырскага раёна. Усе замужам і выхоўваюць дзяцей. Гэта былі дзве галоўныя ўмовы. Некаторыя канкурсанткі ўжо мелі вопыт удзелу ў конкурсах прыгажосці. Але былі і тыя, хто з нуля вучыўся асновам дэфіле і іншым конкурсным дысцыплінам. Карону атрымала шматдзетная мама чатырох дачок, інжынер-тэхнолаг кандытарскай фабрыкі, гамяльчанка Вера Піліпчук

У Гомелі прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы "Снежная рысь". Пазмагацца за прызы прыехалі юныя спартсмены з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Літвы і Украіны. Удзельнікі выступалі ў дзвюх узроставых катэгорыях. У праграме турніру - бегавыя віды, скачкі ў даўжыню і вышыню, штурханне ядра, эстафета і спартыўная хадзьба.

Імёны пераможцаў вызначылі як у камандным, так і асабістых заліках.