Дайджаст Магілёўскай вобласці

1 февраля 2020
На базе амбулаторыі аграгарадка Махава пад Магілёвам пачала працаваць медыцынская лабараторыя. Еўрапейскі саюз і ўсходні рэгіён краіны маюць намер пашырыць дыяпазон супрацоўніцтва. А яшчэ - міліцыянеры Беларусі пачалі вучыць мову жэстаў. Шмат падзей і тэм аб'ядналі на тыдні жыхароў Магілёўскай вобласці. Больш падрабязна - у дайджасце. 

Жыхары 23-х аддаленых вёсак Магілёўскага раёна атрымалі падарунак. На базе амбулаторыі аграгарадка Махава пачала працаваць дыягнастычная лабараторыя. Раней людзям даводзілася звяртацца ў гарадскую паліклініку і дабірацца амаль 30 кіламетраў да абласнога цэнтра. Цяпер паслугі можна атрымаць на месцы. На думку медыкаў, гэта станоўча паўплывае на раннюю дыягностыку, палепшыць кантроль за хранічнымі захворваннямі. Усе даныя пацыента цяпер заносяцца ў электронную картку. 

Ахова навакольнага асяроддзя, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, новыя магчымасці для рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў. Перспектыва сумесных праектаў абмеркаваная ў Магілёве падчас сустрэчы прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі з кіраўніцтвам усходняга рэгіёна, а таксама прадстаўнікамі бізнес-колаў. Зацікаўленасць у супрацоўніцтве велізарная. Яна тычыцца не толькі развіцця тавараабароту паміж краінамі (які вырас), але і паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. У тым ліку - Слаўгарадскага. Тут пачынаецца маштабны праект.  

Магілёўскі інстытут унутраных спраў сумесна з універсітэтам імя Куляшова пачаў практыку тыднёвых курсаў для міліцыянераў краіны па вывучэнні мовы жэстаў. Гэта важная частка праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Без дапамогі ніхто не павінен застацца у выпадку неабходнасці. У тым ліку і людзі з праблемамі слыху. У звычайных выпадках супрацоўнікі ўнутраных спраў вымушаныя звяртацца да спецыялістаў, цяпер ёсць магчымасць атрымаць такія веды на прафесійным узроўні. 

І восем шыкоўных строяў з праекта !Спадчына Залатога стагоддзя! прадстаўленыя на выставе ў Магілёўскім музеі этнаграфіі.  Сучасны погляд на гістарычны свецкі касцюм магнатаў і шляхты Вялікага Княства Літоўскага сталічных мастачак Ларысы Шылак і Вольгі Матусевіч. Іх творчая фантазія дазваляе ўявіць, як апраналіся багацейшыя людзі 16-17 стагоддзяў. А таксама даведацца пра лапікавае шыццё і захапіцца карцінамі Аляксандра Суворава. Прадоўжыцца выстава да жаночага вясенняга свята.