Дайджэст культурных навін

14 апреля 2018

Стартаваў трэці этап продажу білетаў на ХХVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У продажы з'явіліся квіткі на праекты ўсіх фестывальных пляцовак.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і канцэртная зала “Віцебск” запросяць на "Тэатральныя сустрэчы". У афішы - дзесяць спектакляў. Пяцігадовы юбілей адзначыць фестывальны праект "Лялечны квартал" - у праграме тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны. На галоўнай сцэне, у Летнім амфітэатры, адбудзецца 19 канцэртаў. Падчас фестывалю запланавана і мноства выставачных праектаў.

Падчас першага і другога этапаў прададзена прыкладна 13 тысяч квіткоў. Вялікая колькасць забраніравана. Адной з цэнтральных падзей фестывалю стане адкрыццё зоркі на плошчы ля Летняга амфітэатра. Падчас фестывалю імянны сімвал з'явіцца ў Розы Рымбаевай.

У аграгарадку Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна мясцовыя жыхары сваімі сіламі вядуць будаўніцтва царквы. Храм існаваў тут амаль са з’яўлення населенага пункта ў 17 стагоддзі. Пры ім працавала прыходская школа. У 30-х гадах мінулага стагоддзя драўляны будынак пашкодзіў пажар. Доўгі час пытанне аб аднаўленні не стаяла. Будаваць новы храм вырашылі ў 2013 годзе падчас сустрэчы выпускнікоў мясцовай школы. Фундамент заклалі ў 2016-м. У рацэ быў знойдзены, а пасля рэстаўраваны камень, які сведчыць аб мінулай наяўнасці ў аграгарадку царквы. Яго ўсталявалі каля новага храма. Сёння работы практычна завершаны. Вядзецца роспіс храма.

Раней, каб трапіць у царкву, трэба было ехаць у райцэнтр. Хутка неабходнасці ў гэтым ужо не будзе. Царкву плануюць адкрыць да канца мая, якраз да святкавання Троіцы.

Мінск

“Сардзінія - вачыма мастакоў”. Выстава з такой назвай праходзіць у гасцёўні Уладзіслава Галубка. Экспазіцыя створана па выніках падарожжа беларускіх творцаў. Яны прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Году беларускай культуры на Сардзініі. Усе эмоцыі, колеры усходу і захаду сонца, чарада фламінга, мора незвычайна-бірузовага колеру, а таксама мясцовыя пейзажы... Да праекта далучыліся італьянскія і расійскія мастакі.

На выставе прадстаўлены творы 18 мастакоў з Беларусі, 7 - з Расіі і 8 удзельнікаў з Італіі.