Дайджэст цікавых падзей Гродзенскага рэгіёна

1 июня 2019

У Гродзенскай вобласці завяршылася падрыхтоўка летніх лагераў да новага аздараўленчага сезона. Для папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій сярод школьнікаў у Прынёманні ствараюць агракласы. А каб даведацца пра гістарычныя мясціны Гродна і пачытаць цікавую кнігу,  трэба пракаціцца на першым у нашай краіне тралейбусе-чытальні. Пра цікавыя падзеі Гродзенскага рэгіёна ў наступным дайджэсце. 

200 тысяч школьнікаў Гродзенскай вобласці плануецца заняць падчас летніх канікулаў. Дзяцей чакаюць больш за 950 лагераў рознай накіраванасці і профіляў. 23 з іх будуць працаваць з максімальнай нагрузкай у 4 змены. Не застануцца без увагі і студэнты, іх запрашаюць у будаўнічыя атрады. Каб лета-2019 прайшло максімальна пазітыўна не толькі на зямлі, але і на вадзе, у кожным раёне вобласці распрацаваны план мерапрыемстваў па стварэнні бяспечных умоў адпачынку на вадаёмах.

У рэгіёне актыўна ствараюцца агракласы. Сёлета ў іх займаліся больш за 200 школьнікаў, 60 % з якіх плануюць паступаць у профільныя ВНУ. Новая форма навучання была ўведзена з мэтай папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій сярод школьнікаў. Плануецца, што з новага навучальнага года агракласы будуць створаны ў кожным раёне Гродзеншчыны.

Незвычайны тралейбус-чытальня выйшаў на маршрут гродзенскіх вуліц. Новы рэйс прапануе праграму міні-экскурсій па родным горадзе. Такім неардынарным чынам у абласным цэнтры папулярызуюць кнігі мясцовыя бібліятэкі. Падчас непрацяглай вандроўкі на тралейбусе з кнігамі дзецям, а менавіта на іх у першую чаргу разлічана чытальня на колах, будуць расказваць цікавыя факты з гісторыі горада над Нёманам. Прапануюць пачытаць адпаведную літаратуру.

На Гродзеншчыне выбралі сям’ю года. 18 сямейных каманд з розных раёнаў паказалі журы свае дасягненні ў самых розных сферах. Расказалі пра свае сямейныя традыцыі, захапленні і актыўную жыццёвую пазіцыю. Змагаліся ў музычных, літаратурных і спартыўных конкурсах.

Сваю сям’ю года зараз выбіраюць усе рэгіёны краіны. Лепшыя ў кастрычніку з’едуцца ў Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе.