Звесткі аб падзеях стагадовай даўніны

25 октября 2017

Звесткі аб падзеях стагадовай даўніны...

Выстава, прысвечаная Кастрычніцкай рэвалюцыі, адкрылася ў Мінску. Гэта асабістыя рэчы, фотаздымкі, дзённікі і ўзнагароды ўдзельнікаў падзей мінулага стагоддзя. У экспазіцыю ўключаны прадметы са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

На цырымонію адкрыцця прыбыла дэлегацыя з Шанхая, гэта прадстаўнікі Музея I з'езда Кампартыі Кітая. Паміж музейнымі ўстановамі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве.

Пань Мінь, кіраўнік групы праекта «Адкрыццё і прасоўванне месца заснавання КПК», Кітай: «Асноўная мэта нашага візіту - наведванне Нацыянальнага гістарычнага музея і Дома-музея I з'езда РСДРП. У першую чаргу таму, што супрацоўніцтва Кампартыі Кітая і Савецкага Cаюза было вельмі цесным на працягу многіх гадоў. Мы надаём вялікую значнасць падзеям восені 1917 года. Акрамя таго, мы ведаем, што Беларусь - гэта краіна-герой і Мінск - горад-герой у Другой сусветнай вайне. З улікам вашага гераічнага мінулага мы жадаем толькі светлай будучыні вашай краіне і спадзяёмся на сумесныя праекты».

У экспазіцыі таксама адзенне германскіх і расійскіх войскаў, перыядычныя выданні, якія выходзілі ў Мінску сто гадоў таму, а таксама плакаты і грашовыя знакі.