Дар'я Домрачава стала першым паслом II Еўрапейскіх гульняў у Мінску

24 июля 2018

З увядзеннем бязвізавага рэжыму новыя магчымасці з'явяцца і ў арганізатараў Еўрапейскіх гульняў. Дар'я Домрачава сёння стала першым паслом II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

Сёння ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшла цырымонія ўручэння чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнцы сертыфіката. Дар'я Домрачава падзялілася, што для яе вялікі гонар - гэтая місія. Яна спадзяецца, што на II Еўрапейскіх гульнях заззяюць новыя спартыўныя зоркі, якія ў будучыні будуць успамінаць Мінск як горад, які прынёс ім першыя вялікія поспехі. У лік зорных паслоў увойдуць выбітныя і аўтарытэтныя асобы са свету спорту, мастацтва і культуры Беларусі і замежжа. Іх задача - папулярызацыя і фарміраванне станоўчага іміджу Гульняў у Беларусі і за яе межамі.

Дар'я Домрачава, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне:

"Для мяне сёння вельмі прыемна, што я ўдастоілася гонару быць менавіта першым паслом гэтага турніру, гэтых спаборніцтваў. Я ўпэўненая, што ў маю кампанію далучыцца яшчэ вялікая колькасць нашых вядомых людзей, спартсменаў, людзей культуры. І, думаю, мы такой добрай вялікай кампаніяй пастараемся запаліць гэтае свята".

Услед за Дар'яй Домрачавай сертыфікаты зорных паслоў II Еўрапейскіх гульняў - 2019 уручаць знакамітым артыстам цырка братам Запашным. Цырымонія пройдзе заўтра ў Маскве.