Дадзены старт 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

5 ноября 2019
Пашыраны склад, складаная лагістыка і завяршэнне падрыхтоўкі станцыі да зімоўкі. Беларускія палярнікі агучылі свае планы на працу ў маючым адбыцца сезоне. Літаральна гадзіну таму ў Нацыянальнай акадэміі навук адбыліся афіцыйныя мерапрыемствы па адпраўцы 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Кожнаму ўдзельніку вызначаныя задачы ў межах асноўнай і сумежных спецыяльнасцяў. Трэба будзе выканаць маштабны аб'ём прац па адборы проб і ўзораў прыродных матэрыялаў і правесці вялікі комплекс даследаванняў. Акрамя таго, спецыялісты працягнуць нарошчваць інфраструктуру базы. Акцэнт - на ўвядзенне ў эксплуатацыю станцыі спадарожнікавай сувязі, якая забяспечыць безлімітны доступ у інтэрнэт і прыём некалькіх каналаў тэлебачання. Будуць развіваць сістэму абагравальнага вадаправода. А да канца сезона чакаецца прыбыццё генеральнага грузу - трох секцый Беларускай антарктычнай станцыі: жыллёвай, лабараторнай і хірургіі. Апроч іншага, будуць рэалізаваныя дзве міжнародныя праграмы.

Адной з асаблівасцяў стане ўдзел трох беларусаў у сумежных экспедыцыях - балгарскай, турэцкай і расійскай. У 12-ю Беларускую антарктычную экспедыцыю адправяцца 10 чалавек. 

Вылет запланаваны на 8 лістапада. Навукоўцы будуць дабірацца да палярнай базы Гара Вячэрняя міжнароднымі і мясцовымі антарктычнымі рэйсамі.