Дадзены старт 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

9 ноября 2017

Акцэнт на моладзь, тэхнічнае абсталяванне станцыі і перспектыўныя навуковыя даследаванні. Учора быў дадзены старт юбілейнай, 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Палярнікі і кіраўніцтва Акадэміі навук правялі нефармальную сустрэчу з маладым пакаленнем і ўсімі, хто цікавіцца сучаснай навукай.

Сярод задач - усталёўка другога аб'екта палярнай станцыі: гэта васьмісекцыйны лабараторна-жылы комплекс. Паралельна будуць весціся і навуковыя даследаванні ў пяці кірунках. Таксама ў склад сямі чалавек уключаны геафізік для вывучэння сакрэтаў, якія ўтойвае кантынент. Асаблівы ўпор на вывучэнне аэразольнага газавага складу атмасферы. Пры гэтым шматлікія работы будуць ажыццяўляцца з выкарыстаннем прыбораў айчыннай распрацоўкі.

Аляксей Гайдашоў, начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі: "Станцыя будуецца паэтапна, планамерна. У планах за 2-3 гады завяршыць фарміраванне першай чаргі Беларускай антарктычнай станцыі з тым, каб у 2019 годзе правесці першыя зімовачныя мерапрыемствы".

Адзначым, што сёлета лагістыка дазволіць пачаць навуковыя даследаванні ў Антарктыдзе на месяц раней за звычайнае. Авангардная група з 4 чалавек адправіцца паветраным транспартам у пачатку наступнага тыдня, а трое астатніх палярнікаў далучацца да сваіх калег трохі пазней. Матэрыяльна-тэхнічная аснова для знаходжання палярнікаў сфарміраваная, і зараз генеральны груз на судне "Акадэмік Фёдараў" ідзе да берагоў Антарктыды. Разгрузка на беларускай базе "Гара Вячэрняя" запланаваная на сярэдзіну снежня. Вяртанне даследчыкаў на радзіму прызначана на канец красавіка - май наступнага года.