Далейшы лёс завода "Гомельшпалеры" вызначаць пасля атрымання вынікаў усіх даследаванняў

13 марта 2019

Ад геапалітыкі да канкрэтных праблем рэгіёнаў Беларусі, малых гарадоў і нават асобных людзей. "Вялікая размова з Прэзідэнтам" дапамагла сфакусаваць погляд не толькі на тэмах міжнароднага маштабу, але і на пытаннях мясцовага значэння. Прычым абсалютна любы чалавек мог звярнуцца да Прэзідэнта са сваёй праблемай практычна напроста: трое сутак Беларускае тэлеграфнае агенцтва прымала лісты ад жыхароў з самых розных куткоў краіны і з-за яе межаў. Такой зваротнай сувяззю скарысталіся больш як 2 тысячы чалавек. Сёння агучаныя праблемы павінны стаць асноўнымі на парадку дня мясцовых улад. Цэны, зарплаты, праца школ і прамысловых прадпрыемстваў - гэта толькі частка пытанняў, закранутых беларусамі. Сёння ў фокусе нашай камеры праблема, якая хвалюе жыхароў Гомеля. Праблема, звязаная з працай прадпрыемства па вытворчасці вінілавых шпалер. Паводле слоў гамяльчан, шум і з'едлівы дым ужо амаль год турбуюць жыхароў абласнога цэнтра. Ці ёсць шкодныя выкіды ў атмасферу, як на гэта рэагуюць эколагі і, галоўнае, мясцовыя ўлады? Ці будзе вырашаная праблема - адказ на гэтае пытанне ў нашай новай рубрыцы "Зваротная сувязь". Ганна Кавалёва прадоўжыць.

За 32 гады сваёй педагагічнай практыкі Ірына Грамыка ўпершыню сутыкнулася з такой праблемай. Гаворыць, дзіцячая пляцоўка, куды яна шмат гадоў прыходзіла са сваімі вучнямі на прагулку, стала зонай прамысловага дыскамфорту. За 50 метраў - завод "Гомельшпалеры", антырэкламу якому зрабіў з'едлівы пах аднаго з вытворчых цэхаў. 

Праблема з вялікім тэрмінам даўнасці. Пагаршае яе, паводле слоў мясцовых жыхароў, яшчэ і моцны гуд, які вецер разносіць разам з пахам з тэрыторыі завода. Жыхары прылеглых кварталаў скардзяцца, што па начах ён проста не дае заснуць. 

Пасля хвалі скаргаў на прадпрыемстве прынялі меры: падоўжылі трубу, усталявалі на ёй спецыяльны азанатар, палепшылі сістэму ачысткі. Перайшлі на іншую сыравіну з палепшанымі экалагічнымі паказчыкамі. Людзі гавораць: нават гэта не вырашыла праблему. Прыйшлося прымаць радыкальныя меры - праца на прадпрыемстве прыпыненая з 26 лютага. 

Участак трафарэтнага друку на паўзе і зараз. Вытворчае прыпыненне падоўжылі яшчэ на 10 дзён. За гэты час павінны правесці яшчэ адну тэхнічную перазагрузку прадпрыемства. 

Такое рашэнне стала вынікам выязной нарады губернатара. Па той бок стала перамоў - кіраўніцтва холдынга "Беларускія шпалеры". Размова аб мадэрнізацыі ўнутрыцэхавай вентыляцыі і змяненні фарбаў на больш экалагічныя. Чырвонай ніткай у гутарцы - галоўная ўмова: вытворчасць павінна стаць цалкам бяспечнай. 

Тэхнічнае пераўзбраенне сур'ёзных укладанняў не запатрабуе. У барацьбе з пахам павінен дапамагчы і азанатар. Ён ужо паўтара тыдня працуе на фабрыцы, аднак на поўнае ўхіленне пахаў яму запатрабуецца не менш як 3 тыдні, пакуль завершацца пуска-наладкавыя працы. 

Пошукам прычын займаюцца спецыялісты розных профіляў: ад санітарных урачоў і эколагаў да супрацоўнікаў метэацэнтра. Да лабараторных даследаванняў падключылі і незалежных экспертаў з Расіі. Методык, якія яны выкарыстоўваюць, няма ні ў адной даследчай установе Беларусі. Вынікі аналізаў з'явяцца праз 2 тыдні. 

Далейшы лёс завода вызначаць толькі пасля атрымання вынікаў усіх даследаванняў. Калі спецыялісты выявяць перавышэнне нарматываў, прадоўжыць працу вытворчасць не зможа. І ўчастак трафарэтнага друку будзе ў ціхім рэжыме чакання да поўнага вырашэння праблемы.