Cтудэнтаў-бюджэтнікаў не палохае абавязковае размеркаванне

15 октября 2013

Першае працоўнае месца… Гэтая тэма заўсёды выклікала мноства спрэчак і розных дыскусій. Дадзенае пытанне паднімалася і на нядаўней прэс-канферэнцыі Прэзідэнта. Такім чынам, паступіў на бюджэт, вучыўся за кошт дзяржавы, а далей… размеркаванне. Для развіцця беларускай эканомікі маладыя спецыялісты - гэта свежы погляд і рашэнне кадравых праблем. А што ж для саміх студэнтаў? У першую чаргу - гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні і, вядома, заклад паспяховага старту.


Працягне Вольга Маслоўская. Лекцыі, рэфераты, калёквіумы для шасцікурснікаў Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта ўжо ў мінулым. Зараз яны праходзяць практыку ў бальніцах, напрацоўваюць вопыт і вызначаюцца з далейшым месцам працы. У лютым пачынаецца размеркаванне. Пажаданні студэнтаў улічваюцца абавязкова.


У сваю чаргу бюджэтнік абавязаны адпрацаваць па размеркаванні. У адваротным выпадку прыйдзецца кампенсаваць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на навучанне. Але канфліктныя сітуацыі - адзінкавыя прэцэдэнты. Выпускнікі разумеюць, што гарантаванае працоўнае месца - гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні.


Да прыкладу, у суседняй Расіі працаўладкаваннем малады спецыяліст займаецца сам. Тэма першага працоўнага месца набалелая і невыпадкова была агучаная расійскімі журналістамі на прэс-канферэнцыі Кіраўніка дзяржавы.


Аляксей Кажан за няпоўныя чатыры гады працы ў Лепельскай цэнтральнай бальніцы заваяваў аўтарытэт сярод калегаў і стаў з маладога спецыяліста сапраўдным прафесіяналам. Услед за ім па размеркаванні ў сельскі раён прыехала і жонка Аліна.


Для маладых спецыялістаў, якія працуюць у сельскай мясцовасці, законам прадугледжаныя надбаўкі. Ад дабра дабра не шукаюць - мудра вырашылі ўрачы Кажаны. У Лепелі яны надоўга. Дарэчы, хутка ў іх двухпакаёвай кватэры загучыць дзіцячы галасок.


Абавязковае размеркаванне маладых спецыялістаў з аднаго боку забяспечвае развіццё найважнейшых галін эканомікі. Бо ўчарашнія студэнты поўныя сіл і энергіі і прыходзяць на прадпрыемства са свежымі ведамі. З іншага боку, гарантыя першага працоўнага месца - ці не гэта паспяховы старт на рынку працы?


Мэтавы кірунак яшчэ адзін гарант стабільнасці заўтра. Будучы настаўнік біялогіі Крысціна Драздова марыла стаць студэнткай гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны яшчэ ў школе, але працаваць жадае ў родным Добрушы. Там ужо чакае працоўнае месца.


Размеркаванне выпускнікоў - не беларускае ноу-хау. У савецкія часы дыпламаваныя спецыялісты таксама раз'язджаліся па сваіх працоўных пуцёўках. Размеркаванне - тое лепшае, што Беларусь захавала.