Амаль рэкорд - будаўнічая пляцоўка, што расцягнулася на 90 кіламетраў. Сотні экскаватараў, грузавікоў і кранаў, больш за 300 рабочых, інжынераў і праекціроўшчыкаў. Да 2018 года траса М6 паміж Мінскам і Гроднам атрымае першую катэгорыю і хуткасную мяжу на 120 км/г. Якой будзе новая магістраль і навошта Гроднааўтадар раіўся з навукоўцамі-біёлагамі - усе падрабязнасці аўтадарожнай рэканструкцыі ў рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.
Кожныя 24 гадзіны тут праязджае больш за 15 000 аўтамабіляў. І кожны год трафік дадае яшчэ 4%. Пабудаваная ў самым канцы 70-х, траса М6 больш як 30 гадоў без капітальнага рамонту. Сёння гэта адна будпляцоўка даўжынёю амаль на 100 кіламетраў.
Рэканструкцыя праходзіць адначасова на некалькіх участках М6, і да 2018 года будаўнікам трэба зрабіць фактычна новую магістраль. У першую чаргу гэта адрэзкі з 57-га па 130-ы кіламетр і з 197-га па 211-ы.
Больш за 300 спецыялістаў з Гродна, Гомеля і Мінска працуюць 7 дзён на тыдзень. Сотні адзінак тэхнікі. Бліжэй да будоўлі перавозяць цэлыя заводы. Гэтыя мабільныя асфальтабетонныя фабрыкі выпускаюць каля 5000 тон дарожнага палатна за суткі. Іх час наступіць крыху пазней, калі трасу падрыхтуюць да ўкладвання асфальту. Дарожнікі абяцаюць гнуткую і дужую магістраль. З 2018 года амаль на ўсім працягу М6 будзе новая мяжа хуткасці - 120 кіламетраў за гадзіну. Таму адна з задач - не дапусціць аварыйнасці на дарозе.
Валерый Вянцковіч, генеральны дырэктар РУП "Гроднааўтадар": "Будуць уладкаваныя тры новыя транспартныя развязкі, якія дазволяць адназначна знізіць колькасць ДТЗ. На раздзяляльнай паласе будуць усталяваныя дельтаблокі, якія будуць прадухіляць у першую чаргу лабавыя сутыкненні, машыны не будуць трапляць на сустрэчную паласу нават пры самых дрэнных збегах акалічнасцяў".
У інжынерных праектах, дарэчы, улічылі не толькі аўтамабілістаў, але і жыхароў лесу.
Зараз гэтага не відаць, але ў чарцяжах праекціроўшчыкі пакінулі гэты ўчастак дарогі для падземнага пераходу. Ён будзе асаблівым. Яго спецыяльна ствараюць, каб вадзіцелі і дзікія жывёліны больш не перасякаліся на трасе.
Ужо ў наступным годзе ў аленяў, ласёў і казуль з'явіцца свой эксклюзіўны канал міграцыі і, падобна, таксама першай катэгорыі.
Васіль Доўгань, генеральны дырэктар ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст № 6 г. Гродна": "Мы хочам ужыць новую тэхналогію - металічную арку зладзіць замест жалезабетоннага пуцеправода. Для бяспекі руху ўвесь участак дарогі ў межах ляснога масіву агароджваецца сеткай з двух бакоў".
М6, дарэчы, не толькі транспартная артэрыя. Магістраль паміж сталіцай і абласным цэнтрам - цэнтр эканомікі рэгіёна.
Эксперты ўпэўненыя, траса дадасць пераваг і для замежных транзітных патокаў.
Алег Барабанаў, дырэктар лагістычнай кампаніі: "Гэтая рэканструкцыя дазволіць, на мой погляд, прыцягнуць большы грузапаток, які пойдзе праз, у дадзеным выпадку, пункт пропуску "Брузгі". Калі мы тут размешчаныя на гэтай трасе, спадзяемся, што з павелічэннем грузапатоку павялічыцца і тая колькасць аўтатранспарту, які праедзе праз наш лагістычны цэнтр".
Пасля рэканструкцыі, як чакаюць эксперты, М6 увойдзе ў лік міжнародных дарог, якія злучаюць новы Вялікі Шаўковы шлях і заходнееўрапейскія магістралі, і тым самым адкрые межы паміж Усходам і Захадам.













