Што за сумесі робяць зімовыя дарогі бяспечнымі для аўтамабілістаў

7 декабря 2017

Растае толькі лёд або абутак і аўтамабілі таксама? Асноўным супрацьгалалёдным матэрыялам у Беларусі застаюцца пясчана-саляныя сумесі - менавіта яны робяць зімовыя дарогі бяспечнымі для аўтамабілістаў. Аднак наколькі яны "дружалюбныя" да навакольнага асяроддзя? Спецыялісты дарожных службаў сцвярджаюць: пры вытрымліванні дазіровак і правіл апрацоўкі соль не мае небяспекі ні для аўтамабіляў, ні для абутку, ні для экалогіі. Рэпарцёры Агенцтва тэленавін вырашылі правесці ўласны эксперымент. Ці зможа солевы раствор раскласці на малекулы жалезную пласцінку? Чаму нельга "перасольваць" дарогу? І якія супрацьгалалёдныя ноу-хау ўжо тэстуюць у Мінску? Аб усім і не мімаходам - наш карэспандэнт Ян Пашкевіч.

Засалілі пясок на зіму ў лабараторыі БелДарНДІ не для лепшай захаванасці - тут тэстуюць антыгалалёдныя ўласцівасці сумесі. Снег або лёд пачынаюць літаральна раставаць ад аднаго дакранання такой солі.

20-грамовую дробку на квадратны метр - з такой дакладнасцю шэф-повара сучасная тэхніка здольная рассыпаць соль па дарогах. Змешваюць жа пясчана-солевы кактэйль у вялізным міксеры. На тэхніцы адразу прыкметныя "вытворчыя траўмы" - з-за кантакту з соллю апарат трэба кожны сезон рэстаўраваць.

А вось у аэрапорце гасцей краіны насуперак традыцыям сустракаюць не соллю - тут выкарыстоўваюць адмысловыя бяспечныя хімікаты. Апрацоўваюць імі выключна тэрыторыю ўзлётнай паласы. Кошт такіх рэагентаў таксама на вышыні - у 15 разоў вышэйшы за салігорскую соль. Выявіць свой агрэсіўны характар галіты змаглі падчас нашага эксперыменту. На 15 гадзін мы пакінулі ў 10-працэнтным саляным растворы пласціны алюмінія, медзі, жалеза і латуні. Для параўнання - такія ж металы апусцілі ў чыстую ваду. Распадацца стала не толькі жалеза, але і больш устойлівыя металы.

Не выслізнула ад дарожнікаў і праблема заснежаных тратуараў. Каб пешаходам было прасцей утрымаць раўнавагу, на некалькіх сталічных прыпынках з'явіліся антыгалалёдныя тармазы. Эксперыментальныя "стоп-лініі" складзеныя з дробнага друзу на звышмоцнай аснове.

Салёныя дарогі ўзімку не толькі ў Беларусі. Аналагічныя сумесі высыпаюць тонамі на аўтастрады Швецыі, Германіі, Польшчы, Расіі і іншых краін свету. Хімічныя заменнікі выкарыстоўваюць толькі для лакальнай апрацоўкі - яны ў разы даражэйшыя за саляныя сумесі пры практычна роўных здольнасцях пазбаўляць дарожнае палатно ад ледзяных кандалоў.