Што такое кросфіт?

4 октября 2014

Удары кувалдай, перакідванне пакрышак і гук падаючай штангі - кросфіт прыйшоў і ў Беларусь. Не трэба ні спецыяльнага інвентару, ні абсталяванай залы. Толькі моцнае жаданне, сіла волі і максімум аддачы.


Пра адметны від спорту даведваўся Аляксандр Палюховіч. Кросфіт - своеасаблівы сінтэз цяжкай і лёгкай атлетыкі, гімнастыкі, гіравога спорту. Займацца ім можна ў любым узросце, а для трэніровак спецыяльнай залы не трэба. Кватэра, дача ці проста двор могуць стаць пляцоўкай для заняткаў кросфітам. А ў якасці спартыўнага інвентару выкарыстоўваюцца звычайныя камяні, рыдлёўка і нават старыя пакрышкі.


Такі від трэніровак выкарыстоўваецца ў падрыхтоўцы спецыялістаў розных сілавых структур - пажарных-ратавальнікаў ці байцоў спецназа. Спаборніцтвы па кросфіце праходзяць у розных краінах свету, Беларусь жа пакуль толькі адкрывае для сябе гэты від спорту.


Юрый займаецца кросфітам першы год. За гэты час ён стаў больш вынослівым, хуткім, а каардынацыя рухаў больш дакладнай.


Высокая інтэнсіўнасць практыкаванняў дазваляе пазбавіцца ад лішняй вагі. Адна трэніроўка - мінус тысячу кілакалорый. Галоўны акцэнт - на правільную тэхніку.


Каб не атрымаць траўму пры выкананні менавіта гэтага задання, трэба роўна трымаць спіну, нізка прысесці і выканаць плаўны рывок. Толькі пасля дзесяці такіх перакідванняў можна пераходзіць да наступнага задання.


Падрыхтоўка чэмпіёнаў - не самамэта кросфіту. Праз месяц заняткаў можна з задавальненнем ускапаць агарод, прабегчы за аўтобусам і з лёгкасцю насіць на руках дзяўчыну.