Што зменіцца з уступленнем у дзеянне спрошчанай падатковай нагрузкі для інтэрнэт-магазінаў

2 января 2018

Наша калега Вольга Анішчанка ў пошуку падарунка праз анлайн-магазін вырашыла даведацца, што зменіцца для пакупнікоў з уступленнем у дзеянне спрошчанай падатковай нагрузкі для інтэрнэт-магазінаў. Якія бонусы чакаюць электронную камерцыю?

Магазіны на канапе беларусаў, вядома, выручаюць. Асабліва ў святы, бо купіць у інтэрнэце можна ледзь не ўсё - ад канцылярскай кнопкі да ўборачнага камбайна, запэўнівае нас бізнес.

А між тым статыстыка не на карысць беларускага е-комерс. Інтэрнэт-продажы - гэта толькі 3 % гандлёвай розніцы. Для параўнання: у Еўропе і Амерыцы ледзь не пятая частка. І хацелі б прадаваць больш, гавораць прадпрымальнікі, але падатковая нагрузка вымушала шукаць іншыя нішы для бізнесу. Па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, дарэчы, працавалі яшчэ два гады таму. Але адмена падатковых бонусаў прывяла да таго, што тысячы інтэрнэт-пунктаў закрылі свае дзверы для пакупніка.

З новага года спрошчанай сістэме падаткаабкладання зноў зялёнае святло. Эксперты рынку гавораць: справядлівасць адноўлена, бо продажы, якія заканамерна адыходзяць у інтэрнэт, маюць права быць на роўных з іншымі сферамі эканомікі. Вераць: зараз беларускі е-комерс ужо сапраўды прыкметна падрасце. А гэта занятасць, падаткі і здаровая канкурэнцыя. І ў ацэнках эксперты не сціплыя: плюс 30% росту штогод. Бо спрошчаная сістэма падаткаабкладання для бізнесу - гэта і прасцей, і танней.

Спрошчаная сістэма падаткаабкладання, аднак, закране не кожнага інтэрнэт-прадаўца. Скарыстацца падатковымі прэферэнцыямі зможа малы і сярэдні бізнес. Г. зн. калі ў штаце больш за сто супрацоўнікаў, прыйдзецца працаваць на ранейшых умовах. Улічаць і выручку за 9 месяцаў. Падаткі знізяць, а бухгалтэрыю спросцяць, калі памер прыбытку не перавысіць нормы. Асобна - для юрасоб і прадпрымальнікаў.

Аднак інтэрнэт-бізнес папярэджваюць: пераход на новую падатковую схему працы аўтаматам не адбудзецца. Прыйдзецца апавясціць падатковага інспектара.

Паспець у тэрмін важна. Бо калі падаць апавяшчэнне не атрымаецца, працаваць па-старому прыйдзецца яшчэ цэлы год. А, што зручна, зрабіць гэта можна не толькі падчас візіту ў падатковую, яшчэ і дыстанцыйна, праз асабісты кабінет падаткаплацельшчыка ў інтэрнэце.