Што елі манахі на абед у 13-м стагоддзі?

16 августа 2014
Што елі манахі на абед у 13-м стагоддзі і што знаходзілася ў кашальку беларуса ў 17-м? Адказы на гістарычныя загадкі атрымліваюць дзякуючы археалагічным раскопкам. 4-ы год дакопваюцца да вытокаў у вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна… Знойдзеныя прадметы ўжо дапамаглі ўстанавіць, у якім стагоддзі ў Беларусі з'явіліся індыкі. Але гэта толькі прыкладная частка складаных навуковых прац. Галоўныя адкрыцці інакш як сенсацыйнымі не назавеш.


Шостая за гэты палявы сезон. А ён у археолагаў не доўгі - тыдні два. Манету папярэдне адносяць да 17-га стагоддзя. Даволі распаўсюджаныя на той час барацінкі - як сёння сторублёўкі. Былі ў кожным кашальку тагачаснага беларуса.
Тэльман Маслюкоў, памочнік навуковага кіраўніка раскопак, гісторык: Знаходкі манет гавораць аб тым, што вялася інтэнсіўная гаспадарчая і гандлёвая дзейнасць. А па-другое, хутчэй за ўсё, на гэтым месцы распалагаўся нейкі аб'ект, дзе манеты часта выкарыстоўваліся. Маё такое меркаванне, што гэта магла быць манастырская крама.
Праграма раскопак у Лаўрышаве разлічана на 5 сезонаў, капаюць чацвёрты. Кіруе прафесар Расадзін - той самы, які некалькі гадоў таму знайшоў і раскапаў беларускую атлантыду - горад з Магдэбургскім правам Казімір у сучасным Светлагорскім раёне. Раскопкі ў Лаўрышаве цягнуць на гістарычную сенсацыю. Адсюль пачало фарміравацца Вялікае Княства Літоўскае.
Археалагічная каманда склалася гадоў 9 таму. Мяняюцца толькі студэнты. З сельскагаспадарчай Горацкай акадэміі, сельгаскаледжа Навагрудка і школьнікі са Жлобіна, Мінска і Светлагорска. Усяго 31 чалавек. Частка на раскопе адшуквае прадметы, частка на манастырскім падворку іх мые, сартыруе і шыфруе. Месца археалагічных раскопак за звычайнай сялянскай хатай. Раскоп штогод змяшчаецца ў права. Дзялянка па тэхналогіі раскопак разбіта на восем квадратаў памерам два на два метры. Нумараваць квадраты пачалі з першага сезона. Сёлета нумарацыя пачынаецца з 27-га і заканчваецца 34-ым.
Зараз капаюць шосты слой. Кожны 20-25 сантыметраў. Усе разам складаюць так званы культурны - той пласт зямлі, дзе і схавана гісторыя. Усе знаходкі тут жа заносяць у дзённік. Які слой і які квадрат залягання.
Рэшткі каменнага падмурка, якія знайшлі археолагі на зарослым вясковым падворку - не што іншае, як помнік, з якога і пачаўся Лаўрышаўскі манастыр. Доўгі час першапачатковае месца старажытнага аплоту праваслаўя заставалася невядомым. У царкве, якая знаходзілася менавіта тут - дзе сёння звычайная вясковая хата - і выкарыстоўвалі на службе знакамітае Лаўрышаўскае евангелле.
Адна з самых загадкавых тайн нацыянальнай гісторыі перастае быць тайнай - знойдзены цэнтр Вялікага Княства Літоўскага. Вялікі князь Войшалк, стаўшы манахам, не пераставаў быць кіраўніком дзяржавы, зрабіўшы манастыр яе цэнтрам. Пасля заканчэння археалагічнага сезона пачнуцца навуковыя даследванні знаходак і іх увядзенне ў навуковы абарот.