Што рабіць, калі у кватэрах +15

3 февраля 2014

Кожную зіму жыхары цаглянага двухпавярховіка паведамляюць уладам, што ў іх доме тэмпература не дацягвае нават да нормы. Аднак сітуацыя дагэтуль не змяняецца.


Расказвае Вольга Маслоўская.


Уцепленыя вокны павышаюць тэмпературу паветра ў кватэры на 2 градусы. Не заклей гаспадыня рамы, на тэрмометры зараз было б не 15, а ўсяго 13 градусаў цяпла. Жыхары дома мерзлі не заўсёды. Тэмпературныя нарматывы парушыліся, калі пяць гадоў назад у падвале з'явілася аўтаматычная сістэма ўліку і рэгулявання цяпла, якое падаецца ў кватэры.


Справа не ў прыборах, тлумачаць спецыялісты. Сістэма працуе спраўна, у залежнасці ад тэмпературы на вуліцы, дазіруе цяпло ў кватэры. Самі жыхары пацвярджаюць, радыятары грэюць як трэба. Да цёплых батарэй не хапае цёплых сцен. Гэта пацвердзіла і экспертыза.


Дом неабходна адзець, гэта значыць ажыццявіць яго цеплавую мадэрнізацыю. Летась, напрыклад, на тэрыторыі мясцовага ЖЭУ уцяплілі сцены трох халодных дамоў. А наогул у Віцебску ў тэрмашубу надзелі 26 жылых будынкаў, на год раней - 20. Дарэчы, праз халодныя сцены з кватэр сыходзіць да 18% цяпла.


Аляксей Героеў, начальнік жыллёва-вытворчага аддзела УКПП Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка: Пры звароце грамадзян мы праводзім абследаванне і рэгуляванне ацяплення. Калі гэта не прыносіць эфекту, праводзім цеплавізійную здымку. Паводле яе вынікаў і пры наяўнасці фінансавання ставім дом у чаргу на капрамонт.


Для тых, хто не жадае чакаць сваёй чаргі, ЖЭУ прапаноўваюць платную паслугу - цеплавая рэканструкцыя асобна ўзятай кватэры. Маладыя сем'і на гэта згаджаюцца - гадаваць дзяцей трэба ў цяпле. А ў гарадскім плане капітальнага рамонту, разлічанага да 2015 года, гэты цагляны двухпавярховік не значыцца.