Члены брытанскай дабрачыннай арганізацыі ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне

8 июня 2015

Больш за 40 кіламетраў пройдзена за сем з паловай гадзін без адпачынку. Члены брытанскай дабрачыннай арганізацыі ўшанавалі памяць беларусаў, загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. Да марафону далучыліся і жыхары Мінска, а таксама пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі. Падарожжа марафонцаў пачалося ад мемарыяльнага комплексу “Яма” і скончылася ля знака “Трасцянец”. Тут удзельнікі ўсклалі кветкі ахвярам лагера смерці.

Дэбра Брунэр, заснавальнік і дырэктар англійскай дабрачыннай арганізацыі The Together Plan (“План разам”): “Мы прайшлі такі ж марафон у Лондане тыдзень таму. Там было ветрана і холадна, а тут наадварот – вельмі горача. Праз такое надвор’е мінскі шлях выдаўся значна цяжэйшым. Але я лічу, што гэта добра. Так мы зможам лепш данесці наш пасыл аб тым, што вельмі важна памятаць аб цяжкім становішчы ўсяго свету ў час вайны”.

Да гэтага марафон памяці традыцыйна праходзіў толькі ў Лондане. Мінск стаў першым горадам за мяжой, дзе брытанскія актывісты паўтарылі сваё мемарыяльнае шэсце.