"Чысты голас" выступіў у Нацыянальным аэрапорце Мінск

24 декабря 2015

Сёння ў зоне вылету Нацыянальнага аэрапорта Мінск выступіла беларуская вакальная група "Чысты голас". Каб падняць настрой кожнаму пасажыру перад палётам, калектыў праспяваў знакамітую "Jingle bells" на 8 мовах, а таксама народныя песні ў незвычайных аранжыроўках. А падарыць свята самым маленькім турыстам прыехалі галоўныя казачныя персанажы надыходзячых святаў - Дзед Мароз і Снягурка. Кожны маленькі пасажыр атрымаў па салодкім падарунку.

Віктар Палей, намеснік гендырэктара Нацыянальнага аэрапорта Мінск: "Зараз ідзе невялікі ўздым пасажырапатоку, таму што калядныя святы, хтосьці ў турыстычныя кірункі з'язджае, хтосьці па сваіх справах. І спадзяемся, зноў жа, што гэтая акцыя паслужыць вялізным такім вясёлым настроем, і нашы наведвальнікі атрымаюць пазітыў".

Канцэрт проста ў зоне вылету адыгралі ўпершыню, але кіраўніцтва аэрапорта плануе зрабіць такое каляднае шоу адным з фірмовых знакаў. Побач са сцэнай - навагодняя пляцоўка для селфі. У чаканні падарожжа пасажыры маглі сфатаграфавацца са снегавіком і ёлкамі.