Колькасць пацярпелых ад гандлю людзьмі расце

30 июля 2018

Колькасць пацярпелых ад гандлю людзьмі расце, нягледзячы на намаганні міжнароднай супольнасці па супрацьстаянні гэтай пагрозе. Пра гэта паведамілі на брыфінгу, прымеркаваным да Сусветнага дня барацьбы з трафікінгам.

Паводле звестак Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, сёння ў свеце амаль 40 мільёнаў ахвяр гандлю людзьмі. 70 % з іх жанчыны і дзеці. Для нашай краіны барацьба з гэтай глабальнай праблемай - адзін з прыярытэтаў дзейнасці на міжнароднай арэне. Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х афіцыйны Мінск пачаў актыўна прыцягваць увагу сусветнай супольнасці да гэтай праблемы.

Апошнія гады Беларусь працуе над паляпшэннем каардынацыі дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі паміж дзяржавамі планеты. Дарэчы, Сусветны дзень барацьбы з трафікінгам - яго адзначаюць сёння - быў заснаваны і дзякуючы намаганням нашай краіны.

Праблема гандлю людзьмі існуе ва ўсіх краінах незалежна ад узроўню развіцця дзяржавы, падкрэсліваюць эксперты. Паводле звестак МУС, у нашай краіне сёлета ахвярамі сталі 68 чалавек. У ліпені на тэрыторыі Беларусі і Ізраіля прайшла сумесная спецаперацыя па затрыманні сямі грамадзян, што мелі дачыненне да арганізацыі секс-бізнесу.

Зараз пацярпелыя дзяўчаты знаходзяцца ў Ізраілі, ім забяспечана абарона. У МУС таксама падкрэсліваюць, што апошнім часам ахвярамі трафікінгу ўсё часцей становяцца і мужчыны. Тут, праўда, размова ідзе не пра сексуальную, а працоўную эксплуатацыю. Напрыклад, пры выездзе за мяжу на заробкі.