Што хвалюе жыхароў Віцебскай вобласці, высвятлялі спецыялісты і кіраўнікі галоўнага кантралюючага ведамства краіны. З пачатку года ў рэгіёне Камітэт дзяржкантролю правёў 22 прамыя тэлефонныя лініі, 15 выязных прыёмаў грамадзян. 75 зваротаў узятыя на кантроль і дбайна вывучаныя. Часам скаргі не пацвярджаюцца. Але ёсць і такія праблемы, якія на першы погляд малаважныя: няякасная транспартная сувязь, нязручны рэжым працы аўтакрамы. Але іх рашэнне значна паляпшае якасць жыцця цэлага - хай і невялікага - населенага пункта, у чым упэўнілася Вольга Маслоўская.
Заўзятая дачніца Маргарыта Старавойценка на свае соткі дабіраецца аўтобусам. Але да нядаўняга часу трапіць на грамадскі транспарт было справай нялёгкай. І не таму, што парушаўся расклад руху. Чатыры разы на тыдзень на лінію ставілі аўтобус умяшчальнасцю ўсяго 30 пасажыраў. Да пасёлка Руба ён даязджаў ужо перапоўнены, таму часта нават не спыняўся.
Чарговы зварот жыхары Рубы накіравалі дзяржаўным кантралёрам падчас прыёму грамадзян. Сёння ў дачным аўтобусе можна нават вольнае крэсла знайсці. І гэта не адзіная праблема, якую вырашылі з пачатку года. За гэты час спецыялісты Дзяржкантролю правялі 15 выязных прыёмаў грамадзян і 22 прамыя тэлефонныя лініі.
Жана Іваноўская, галоўны спецыяліст Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці: "У Паставах быў прыём, жыхары пасёлка Лынтупы звярніся з праблемай, што закрываецца заправачная станцыя ў сувязі з яе нерэнтабельнасцю, на думку ўласніка. Але там запраўляліся і асабістыя аўтамабілі, і машыны хуткай дапамогі, і сельгастэхніка. Было вырашана захаваць запраўку".
Марыя Салаўёва да кантралёраў звярнулася ўпершыню. Пяць гадоў яны з мужам не маглі прыватызаваць дом, які атрымалі ад Коханаўскага льнозавода яшчэ ў 80-х.
Заяву на прыватызацыю дома ў Салаўевых прынялі толькі пасля таго, як яны за свае грошы аднавілі страчаныя гаспадаркай дакументы на будынак і зямлю. Выкупіць дом пенсіянерам прапанавалі за 219 мільёнаў рублёў.
Пад сумненне кошт прыватызацыі ўзялі і спецыялісты. Хутка прыйшоў адказ.
Цяпер вяскоўцы вырашылі застацца на зямлі. А то думалі кідаць дом і да дзяцей у горад ехаць. Дарэчы, нядбайныя спецыялісты льнозавода, што налічылі нерэальны кошт прыватызацыі, прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.













