Чацвёртакласнік з Жабінкі прапанаваў мясцовым уладам незвычайны сацыяльны праект

14 апреля 2017

Кожны горад павінен мець свой прадмет гонару. Чацвёртакласнік з Жабінкі Данііл Данілюк прапанаваў мясцовым уладам незвычайны сацыяльны праект - пабудаваць на беразе ракі Мухавец аквапарк у выглядзе вялізнай жабы. З вундэркіндам сустрэлася Вікторыя Патоня.

Спрыт рук, выдатная памяць (у галаве трэба трымаць каля сотні алгарытмаў!) і штодзённыя трэніроўкі. З кубікам Рубіка Данііл не расстаецца вось ужо тры гады. У арсенале хлопчыка іх - некалькі відаў - ад піраміды да мега-вінкса. Ён здольны сабраць інтэлектуальную цацку адной рукой, і вучыцца - з заплюшчанымі вачамі. Хлопчык марыць пабіць сусветны рэкорд. Пакуль яго дасягненне - 22 секунды.

Данііл - удзельнік міжнародных чэмпіянатаў па спітк’юбінгу. А яшчэ цікавіцца Сусветам, іграе на гітары, на пераменах у школе наладжвае сапраўдныя шахматныя турніры. У першым класе ён зляпіў з пластыліну фігуркі і прыдумаў мультфільм. Тады ўвасобіць ідэю дапамагла мама. Яна, дарэчы, мастак, дызайнер. Гаворыць, галоўнае - даць дзіцяці магчымасць выбару.

І як сапраўднае дзіця, Данііл марыць пра забавы. Ён прапанаваў гораду свой варыянт - ква-ква-парка: у выглядзе вялізнай жабы з сямі паверхаў.

Незвычайную работу не проста заўважылі ў Міністэрстве адукацыі - падарылі аўтару праекта сертыфікат на 10 білетаў у мінскі аквапарк.

Магчыма, мара юнага дызайнера і спраўдзіцца. І горад Жабінка атрымае візітную картку, якая падкрэсліць яго назву.

Адоранае дзіця, па меркаванні спецыялістаў, сёння ўжо зусім не рэдкасць. Яно ёсць практычна ў кожнай школе. Але тут галоўнае дарослым своечасова заўважыць, чым цікавяцца дзеці, каб дапамагчы развіць іх таленты.

Зараз Данііл рыхтуецца да ўдзелу ў абласным этапе канферэнцыі "З навукай - у будучыню". І гаворыць, іменна ад рэактыўных дзіцячых ідэй і залежыць сама будучыня.