Праз 75 гадоў удалося знайсці месца апошняга бою батальёна міліцыі капітана Уладзімірава

18 мая 2019

Сапраўдная сенсацыя перыяду Вялікай Айчыннай вайны! Экспертам праз 75 гадоў пасля вызвалення Беларусі ўдалося ўпершыню дакладна знайсці месца апошняга бою батальёна міліцыі капітана Уладзімірава. І ўпершыню ўстанавіць імя яго загінуўшага байца па астанках. Андрэй Ястрабаў спецыяльна для "Краіны" з падрабязнасцямі аперацыі. 

Вёска Гаі Магілёўскага раёна. Паводле сведчанняў жыхароў і гісторыкаў, менавіта тут у ліпені 1941-га трымаў абарону батальён капітана Уладзімірава,  укамплектаваны ў той час міліцыянерамі.

Вядома, што ў ліпені 1941-га батальён налічваў 250 байцоў. Засталіся жывымі адзінкі. Па ўспамінах мясцовых жыхароў удалося даведацца імёны толькі 40-ка. І тое не дакладна. Часам узгадвалі толькі званне альбо прозвішча. Як і не вядома было дакладнае месца бою. Пакуль у полі побач з вёскай не разгарнулася сапраўдная пошукавая экспедыцыя. Раскопкі з удзелам сапёраў, ваенных, курсантаў. За некалькі гадзін працы – з дзясятак знойдзеных пахаванняў.

Фотаздымкі нямецкіх "Люфтвафэ", якія ўдалося набыць дзякуючы мецэнатам, аблвыканкаму, сталі дапаможнікамі. На іх - умацаванні абаронцаў як на далоні. 

Тры медальёны і амаль захаваны дакумент салдата. Дзякуючы экспертызе ўдалося прачытаць імя байца. Для Яўгена Лазаковіча такая аперацыя стала першай у кар’еры.   

Магілёўскі інстытут МУС - захавальнік гераічнага мінулага батальёна капітана Уладзімірава - падхапіў пошукавую экспедыцыю. Тут спадзяюцца, што знойдуцца сваякі байца. Сам ён з Клімавіч. 

Экспедыцыя абавязкова працягнецца, запэўніваюць пошукавікі, бо знойдзены яшчэ не ўсе пахаванні. І спадзяюцца, што тры медальёны таксама атрымаецца прачытаць экспертам, і назавуць новыя імёны герояў абароны Магілёва.