Чэмпіянат па спартыўнай саўне прайшоў у Бярозаўскім раёне

18 февраля 2016

Тэмпература плюс 110 градусаў, суровыя правілы і гарачы пар. Усё гэта чэмпіянат па спартыўнай саўне. Актыўна правесці час у Бярозаўскім раёне сабраліся тры дзясяткі аматараў папарыцца. Як выпрабоўваюць лазеннікаў на гарачаўстойлівасць і трываласць - убачыла Вікторыя Патоня.

Аматары папарыцца збіраюцца ўжо 11 раз. Усе ўдзельнікі - вопытныя лазеннікі. Правілы спаборніцтва на першы погляд простыя: у саўне 8 чалавек. Засякаецца час. Хто пратрымаецца даўжэй за ўсіх, той і перамог. Пры гэтым ніякіх галаўных убораў, выцірацца рушнікамі строга забаронена.

Умовы спаборніцтвы суровыя. У парылцы тэмпература плюс 110-115 градусаў. Суддзі кожныя 30 секунд паддаюць пары - падліваюць ваду на камяні. Для ўдзельнікаў - гэта сапраўдны тэст на гарачаўстойлівасць.

Паветра напальваецца так, што без трэніроўкі і моцнага сэрца лепш не рызыкаваць. Можна абпаліць скуру і нават атрымаць цеплавы шок. Таму прысутнасць брыгады хуткай дапамогі на спаборніцтвах абавязковая.

Наталля Голуб, удзельніца чэмпіянату па спартыўнай саўне "Шчодры жар": "Такія спаборніцтвы ідуць не для таго, каб спіну абпаліць або здароўе пагоршыць. Проста людзі прыходзяць адпачыць. І я лічу, што не трэба нейкія там рэкорды ставіць. Таму ўсе па сваім здароўі глядзяць, колькі можна пасядзець".

Мікалай Сінкевіч, арганізатар чэмпіянату па спартыўнай саўне "Шчодры жар": "Прыходзяць людзі, якія ўжо парацца і маюць шматгадовы вопыт. І ведаюць, як іх арганізм адрэагуе на высокія тэмпературы. Мы папярэджваем, што галоўнае, каб гэта прыносіла карысць здароўю".

Ліпавы, бярозавы, дубовы, з галінкамі палыну і іншай гаючай травы. Конкурс венікаў як этап спаборніцтваў. Нарыхтоўваць і вязаць яго - сапраўднае майстэрства. Здаўна гэты лазневы атрыбут выкарыстоўваўся не дзеля задавальнення, а для прафілактыкі астэахандрозу, прастудных і скурных захворванняў.

Уладзімір Лукашэвіч, майстар па вырабе лазневых венікаў: "Атрымліваецца, па-першае, аддача ад ліста - карысныя рэчывы для арганізма. А другое, венік як масаж свайго роду. Кожны ліст, кожная галінка здольная вібраваць".

Рэкорд першынства належыць жанчыне. Людміла Жуковіч правяла ў парылцы 22 хвіліны 15 секунд.

Людміла Жуковіч, удзельніца чэмпіянату па спартыўнай саўне "Шчодры жар": "Калі я не схаджу ў лазню, мне здаецца, я як не жыву. З дзяцінства хаджу ў лазню. Адчуваеш сябе лепш, настрой зусім іншы".

І усё ж лазня - гэта не спорт. Спецыялісты гавораць: для карысці арганізма тэмпература ў парылцы не павінна перавышаць 90 градусаў. Бо ў лазневай справе галоўнае не рэкорды, а здароўе і задавальненне.