Чым насычана мінскае культурнае жыццё - ведае Л. Заблоцкая

20 августа 2021

Сапраўдны арт-прарыў падчас закрытых межаў! Прагрэсіўныя мастакі з Эстоніі прэзентуюць у Мінску вынікі "Міжнароднай лабараторыі мастацтва". Прэзідэнцкі аркестр Беларусі дасць класіку каля ратушы. Савецкая эстрада ад Магамаева да Антонава заўтра ў Верхнім горадзе.

Чым яшчэ насычана сталічнае культурнае жыццё - ведае Лідзія Заблоцкая.

Жнівень - сезон адпачынкаў, асабліва для культустаноў. У творцаў перазагрузка, таму і афішы часова не такія насычаныя. Летні антракт і на вядучых тэатральных падмостках. Але ўсё ж адна трупа вярнулася да працы раней за ўсіх: акцёры Рускага тэатра запусцілі свой "Трамвай "Жаданне".

Пакуль неафіцыйна, але адкрылі тэатральны сезон. П'еса - уладальнік Пулітцэраўскай прэміі. У беларускім тэатральным пераказе - пра дэфіцыт любові. Сцэна Рускага "прыпаркавала" вядомы "Трамвай" Уільямса паўгода таму. Разлічаны на 40 гледачоў за сеанс (менавіта столькі ахвочых змяшчаецца ў партэры Малой залы). Дарэчы, білетаў на жнівеньскія паказы ўжо няма ў продажы.

У гэтым тэатры цалкам аднавілі сцэнічны комплекс. Толькі святла стала больш у 6 разоў. Пражэктары малююць снегапад і лістапад. Высокатэхналагічны зараз і гук. З новага начыння кулісы і нават падлога. Новыя тэхналогіі ўкараняюць ва ўжо існуючы рэпертуар штодзень. Паралельна адточваюць і пастаноўкі-навінкі.

Тая ж "нятленка", з якой не даводзіцца здзімаць пыл, таму што вельмі запатрабаваная ў гледача, ужо на экранах Музея гісторыі беларускага кіно. Тут склалі шорт-ліст з класічных стужак, яны зараз ідуць на біс.

16 фільмаў, якія не зможаце спампаваць на torrent. Музей прапрацаваў усе аўтарскія правы і цяпер афіцыйна трансліруе шэдэўры 20-га стагоддзя. Усяго 5 рублёў за прагляд. Сёння вечарам круцяць "Трыумфальную арку" 1948 года, а на заўтрашні сеанс чакаюць аматараў чорна-белых стужак 30-ых гадоў, біяграфіі танцоркі Мата Хары і ўлюбёных у актрысу Грэту Гарба. Яшчэ ў шорт-лісце лепшая заходняя экранізацыя "Ганны Карэнінай" ажно за 1935 год і дакументальная гісторыя пра генія тэатра Станіслаўскага.

Летні перыяд - не перашкода для Нацыянальнага мастацкага, каб абнаўляць экспазіцыі і знаёміць гледачоў з юбілярамі-2021. Праз карціны Льва Лейтмана кожны можа прашпацыраваць па Ленінскім праспекце Мінска.

Графічныя замалёўкі - як рэпартажнае прывітанне з 50-х і 60-х. Прапануюць адгадаць праз акварэлі, дзе тут паштамт, парк Купалы, сучасная вуліца Леніна і галоўны ўваход на стадыён "Дынама". Леў Лейтман працягваў творчасць упадабаных ім Левітана, Урубеля і Манэ. І далей тушшу, соусам і італьянскім алоўкам фіксаваў пейзажы часоў вайны і жанчын, якія падымалі заводы і фабрыкі.

Куратары падрыхтавалі экскурсію па пасляваенным Мінску Лейтмана. У свабоднай форме абмяркуюць змяненні сталіцы за 60 гадоў з дапамогай візуальных уражанняў эпохі.

І хай на вуліцах ужо вее восенню, ніхто не забараняе браць плед, цёплую каву і лавіць фінальныя летнія ноты ў Верхнім горадзе. Адгадвайце мелодыі і вы. І прадумвайце свой маршрут выхаднога дня з дапамогай навін "Беларусь 1".