Чым гатовы здзівіць гасцей новага турыстычнага сезона аграэкасядзібы Глыбоцкага раёна

1 июня 2020
Сем'і з гарадоў едуць у беларускія вёскі па спакойны адпачынак, каларыт і маляўнічыя краявіды. Папулярныя курорты на беразе азёр ці невялікія сямейныя сядзібы - у турыстаў ёсць магчымасць выбраць, як правесці доўгачаканы водпуск. Марына Раманоўская адправілася ў Глыбоцкі раён, каб даведацца, чым там гатовы здзівіць турыстаў. 

Гарадскія жыхары выбралі сельскую прапіску

Гарадскі шум на вясковую цішыню Аксана Лашкевіч разам з мужам змянілі амаль дзесяць гадоў таму. Узяліся ўладкоўваць участак, завялі гаспадарку. Куры, індыкі, свінні - эксперыментавалі з рознай жыўнасцю. А праз час сур'ёзна заняліся гадоўляй коз. Спыніліся на некалькіх пародах. Дапытлівыя жывёлы сталі брэндам вёскі Хралы. 

Гасцям прапаноўваюць акунуцца ў сельскі побыт

Гарадскія жыхары прыязджаюць у невялікую вёску па мясцовы каларыт. Тут праходзяць фотасесіі, майстар-класы па вырабе сыроў. А  таксама гаспадыня бярэ гасцей пасвіць статак і нават гатова навучыць даіць коз. 
Аксана Лашкевіч з усмешкай успамінае і свой першы вопыт. Гарадской жыхарцы прыйшлося шукаць падыход да кожнай жывёліны. Зараз на лугах пасуцца каля паўсотні коз. З карыснага малака гаспадыня гатуе сыры. У асартыменце пятнаццаць відаў. Ёсць свая сыраварня, спецыяльнае памяшканне для паспявання, дэгустацыйная  зала. Дарэчы, за працэсам госці могуць паназіраць праз спецыяльнае акенца. 

Прырода Глыбоцкага раёна натхняе на развіццё сямейнага турбізнесу 

Уладальнікі некалькіх аграсядзіб скаапераваліся і стварылі экалагічны маршрут, дзе "ўсё ўключана". Гасцей запрашаюць пакаштаваць беларускія стравы, пакатацца на конях або ў сабачай запрэжцы, арганізоўваюць фестывалі і тэматычныя вечары.  
Пах жытняга хлеба разносіцца па сялібе Скрабатуны. Спачатку Ірына Серафімовіч пякла яго толькі для сваёй сям'і. За натуральнасць хлеб на кляновым лісце палюбілі і госці. 

Конныя прагулкі па маляўнічых маршрутах 

У беларускую глыбінку Серафімовічы пераехалі, калі пра аграэкатурызм у  гэтых мясцінах ніхто і не чуў. Зараз у гаспадарцы больш  за трыццаць коней.  Жывёлам ёсць дзе разгуляцца. 
Пачаткоўцаў навучаць трымацца ў сядле, а ўпэўненых коннікаў чакаюць працяглыя прагулкі. Каб убачыць беларускую прыроду ва ўсёй красе, у гасцей наперадзе  ўсё лета.