Чалавечыя астанкі, якім больш за паўстагоддзя, выяўлены ў Камянецкім раёне

2 мая 2016

Чалавечыя астанкі, якім больш за паўстагоддзя, выяўлены ў Камянецкім раёне пры правядзенні земляных работ. Спецыялісты мяркуюць, што яны належаць савецкім воінам, якія загінулі ў канцы Вялікай Айчыннай вайны. На месцы раскопак таксама знойдзены 42 патроны і фрагменты асабістых рэчаў.

Як выпадак дапамог знайсці пахаванне, даведвалася Вікторыя Патоня. Яшчэ фрагменты ботаў, спражка ад рамяня, металічная расчоска і больш за 40 патронаў. Па гэтых асабістых рэчах вызначыць уладальніка нельга, але яны пацвярджаюць: на ўскраіне вёскі Абяроўшчына было стыхійнае пахаванне. Магчыма, астанкі так бы і ляжалі ў зямлі, калі б не выпадак.

Гаспадары гэтай сядзібы вырашылі акультурыць тэрыторыю, замест старой агароджы паставіць новую. Зрэзалі частку зямлі і выпадкова пашкодзілі тэлефонны кабель. Каб ліквідаваць непаладкі, выклікалі сувязістаў. Тыя капнулі глыбей і натыкнуліся на нечаканую знаходку.

Месца агледзелі супрацоўнікі следча-аператыўнай групы і ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Выяўленыя астанкі падняты і ўжо праведзены папярэднія даследаванні.

У гады вайны ўчастак зямлі, дзе выявілі астанкі, належаў сям'і Галіны Івановай. Ёй было шэсць гадоў, калі чырвонаармейцы ў 1944 годзе часова хавалі каля дарогі загінуўшых салдат. Жанчына памятае пяць магільных ям, у якіх значылася больш за 70 чалавек. І надпісы на ўсталяваных драўляных знаках, зробленыя хімічным алоўкам.

Перапахавалі астанкі байцоў у 50-я гады недалёка, у найбліжэйшай вёсцы Воўкавічы. Брацкая магіла тут і сёння. Спецыялісты мяркуюць, што, магчыма, тады былі перапахаваны не ўсе загінуўшыя воіны.

Магчыма, прафесійныя пошукавыя работы пральюць святло на гэту гісторыю. А выяўленыя астанкі чатырох чырвонаармейцаў з ушанаваннямі перапахаваюць.