Часта прычынай аварыі з'яўляюцца пешаходы

19 октября 2016

Аварыі на сталічных дарогах здараюцца не толькі па віне вадзіцеляў. Часта прычынай з'яўляюцца пешаходы. Толькі за апошнія 9 месяцаў на пешаходных пераходах Мінска здарылася амаль сотня ДТЗ, у якіх загінулі 4 чалавекі, яшчэ 99 атрымалі траўмы. Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае: большасці сутыкненняў можна пазбегнуць, выконваючы простыя правілы дарожнага руху. У рэйд з інспектарамі адправіўся Аляксандр Харавец.

Гэтай жудаснай трагедыі, у якой адна жанчына загінула, а другая атрымала сур'ёзныя траўмы, можна было б і пазбегнуць, сцвярджаюць інспектары ДАІ. Аднак пенсіянеркі груба парушылі правілы, пачалі пераходзіць дарогу на забараняючы сігнал святлафора, і ў цемнаце іх не заўважыў вадзіцель таксі. Зрэшты, чужыя памылкі мала чаму вучаць іншых пешаходаў, упэўнены інспектары.

Такую карціну мы назіралі на скрыжаванні вуліц Карла Лібкнехта і Лермантава. Літаральна за 30 метраў ад аўтобуснага прыпынку пешаходны пераход. Паводле слоў Аляксандра Ажгірэя, мінчане ўсё роўна ідуць там, дзе ім больш зручна, а не бяспечна.

А гэта ўжо вуліца Каралінская. Для аўтамабіляў тры паласы ў кожным напрамку. Прыпынак грамадскага транспарту, рэгуляваны пераход побач. Аднак людзі зноў парушаюць правілы. Заўважаюць інспектараў - і разбягаюцца ў розныя бакі.

Далёка ўцячы не ўдаецца. На пытанне інспектараў: чаму парушаем - адказы стандартныя.

А вось у Машы - студэнткі адной са сталічных ВНУ – справа куды больш важная. Яе чакае любімы кот. На заўвагу інспектара, што хатні ўлюбёнец можа і не ўбачыць больш сваёй гаспадыні, дзяўчына рэагуе не адразу.На гэты раз Маша абышлася папярэджаннем. Увогуле, за такія парушэнні кашалькі пешаходаў могуць патаннець максімум на 63 рублі. І гэта ў лепшым выпадку.

Толькі за апошнія 9 месяцаў у сталіцы адбылося каля сотні аварый на пешаходных пераходах. Траўмы ў іх атрымалі 99 чалавек, 4 загінулі. Прычым палова ДТЗ - па віне пешаходаў.

Паводле слоў інспектараў, лепшы спосаб засцерагчы сябе ноччу на дарозе - не толькі пераходзіць праезную частку ў дазволеных месцах, але і абавязкова абазначаць сябе флікерам.

Спецыялісты раяць выкарыстоўваць адначасова два ці больш флікеры - з правага і левага бакоў. Лепш за ўсё ў цемнаце відаць белыя і лімонныя святлоадбівальныя элементы. Круглай або прадаўгаватай формы. Чырвоныя, сінія і зялёныя флікеры – менш эфектыўныя, канстатуюць дарожныя міліцыянеры.

Акрамя таго, для бяспечнасці пешаходаў на многіх участках дарог хуткасць абмяжоўваюць штучнымі няроўнасцямі. З'яўляюцца і святлодыёдныя пешаходныя пераходы, якія пачынаюць мільгаць пры набліжэнні чалавека. Аднак знізіцца аварыйнасць на сталічных дарогах толькі тады, калі і пешаходы, і вадзіцелі стануць больш узаемаветлівымі і асцярожнымі, упэўнены інспектары ДАІ.