Cельскагаспадарчая тэхніка ўжо выйшла на палі

22 Лютага 2020
Сёлета ў сярэдзіне лютага сельскагаспадарчая тэхніка ўжо выйшла на палі. З-за анамальна цёплага надвор'я аграрыі плануюць пачаць пасяўную раней, чым звычайна. Цяпер актыўна вядзецца падрыхтоўка глебы. У некаторых гаспадарках ужо ў самым разгары ворныя працы. Усё  гэта  дапаможа не зацягваць з сяўбой яравых культур. Як вынік, ураджай чакаюць вышэй за мінулагодні. Пра гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў да ранняга агранамічнага года - наш наступны сюжет.

Расказвае Ілья Цвяткоў: За акном люты, а ў гэтай гаспадарцы ўжо ўся тэхніка на палях. Глебу актыўна рыхтуюць да пасяўной - ўносяць ўгнаенні і адразу ж узворваюць. Механізатар Юрый Шылко прызнаецца, упершыню за 37 гадоў працы сельскагаспадарчы сезон пачаўся так рана. Такому цёпламу надвор'ю ў гаспадарцы толькі рады. Плошчы пад пасевы тут вялікія, і каб вытрымаць агранамічныя тэрміны, падрыхтоўку пачалі загадзя.

А вось у суседняй гаспадарцы цёплая зіма прынесла дадатковыя клопаты. Пасевы азімых культур з-за адсутнасці снегу дрэнна сябе адчуваюць. А значыць, прыйдзецца ўносіць дадатковыя сродкі аховы. Але і тут пасяўную кампанію плануюць пачаць раней, чым звычайна. І справа хутчэй не ў надвор'і, а ў адсутнасці вільгаці. Каб атрымаць добры ўраджай, збожжа трэба пакласці ў мокрую глебу.

Тое, што сёлета пасяўная будзе ранняя, аграрыі прадбачылі, а таму падрыхтаваліся грунтоўна. Да рамонту тэхнікі прыступілі яшчэ ў канцы мінулага года. Сёння і трактары, і навясное абсталяванне ўжо чакаюць выхаду ў палі.

Гарант добрага ўраджаю - элітныя збожжавыя. Таму, для веснавой сяўбы назапасілі выключна элітныя сарты беларускай селекцыі. Насенны фонд гаспадаркі - амаль 400 тон збожжа. Ужо высушана і ачышчана. А непасрэдна перад выхадам тэхнікі ў поле зерне яшчэ і апрацуюць, каб засцерагчы ўсходы. Масава да пасадкі яравых культур аграрыі прыступяць у першай дэкадзе сакавіка.