Быць сапраўднай лэдзі з першага класа навучаюць у жодзінскай жаночай гімназіі

17 сентября 2014

Быць сапраўднай лэдзі з першага класа. У жодзінскай жаночай гімназіі дзяўчынак навучаюць этыкету з маленства. Аднак гэта ў вольны ад заняткаў час. Адукацыйна гэтая незвычайная на першы погляд установа не адрозніваецца ад іншых: фізіка, хімія, матэматыка - асноўныя прадметы.


Як наладжаны вучэбны працэс у адзінай у краіне жаночай гімназіі - высвятляла Наталля Кузьміцкая.


На мове Дзюма і Сент-Экзюперы Вольга Дземянцэвіч размаўляе ўсё сваё сумленнае жыццё, невыпадкова, што свой лёс яна вырашыла звязаць з выкладаннем менавіта гэтай мовы. Пасля абавязковага размеркавання настаўніцкую дзейнасць вырашыла прадоўжыць у гімназіі, дзе калісьці і сказала сваё першае Оui.


Адзіная не толькі ў горадзе, але нават краіне, жаночая гімназія, для некаторых стала сапраўднай сямейнай школай, таму і выпадкі, калі пасля маці за парту садзіцца дачка, не рэдкасць.


Акрамя гісторыі, фізікі, матэматыкі і іншых абавязковых прадметаў дзяўчынак вучаць і добрым манерам. Этыка, эстэтыка і этыкет - асновы адукацыйнага працэсу.


Тут навучаецца больш за 200 дзяўчынак, некаторыя прыязджаюць нават з суседніх Смалявіч і Барысава. Вучэбная праграма такая, як і ў іншых школах, галоўнае адрозненне - методыка выкладання.


І цікавая праграма пазашкольных заняткаў. Дзяўчынкі пяюць, танцуюць. А яшчэ вышываюць, асвойваюць азы кулінарныя і нават спрабуюць сябе ў навуцы. Дарэчы ўдзельніцы клубу маладых адкрывальнікаў ужо не раз станавіліся пераможцамі гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд.


Вядомая гімназія не толькі тым, што ў ёй вучацца толькі дзяўчынкі, але і сваім стаўленнем да экалогіі. У кожным класе тут адразу тры сметніцы для паасобнага збору адходаў, а на калідорах - кантэйнеры для збору выкарыстаных батарэек. Акрамя гэтага, гімназісткі распрацавалі свой бізнэс-план па пашыве экалагічных сумак і праект па ачыстцы рэк.