Будучыня для бізнесу ў Гарадку ёсць

26 марта 2014
За апошнія некалькі гадоў тут адкрыўся шэраг сучасных вытворчасцяў. Толькі летась з'явілася больш за дзвесце вакансій, а экспарт тавараў вырас у паўтара разы.

Пра сур'ёзны бізнес у малым горадзе - Вольга Маслоўская.

Цэх пашыву трыкатажных вырабаў у Гарадку адкрыўся восем гадоў таму. Сучаснае абсталяванне, навучаны персанал. Справа пайшла на лад. Самы час пашыраць вытворчасць.

Развівацца на арандаваных плошчах нязручна. Іншая справа - свае сцены. Прыватнік вырашыў: будаваць з нуля неразумна, калі, паводле ўказа Прэзідэнта, пусты будынак можна набыць з аўкцыёну за адну базавую велічыню. З малатка сыходзяць будынкі, не запатрабаваныя на працягу двух гадоў. Філіял швейнай вытворчасці, напрыклад, купіў будынак былога ваеннага камісарыята. Яшчэ 15 новых рабочых месцаў плюс культурны выгляд некалі закінутага будынка. Вялікая справа для малога горада.

Дарэчы, летась у Гарадокскім раёне адкрыліся 200 вакансій. Тут ужо існуе канкурэнтная барацьба, толькі не сярод суіскальнікаў, а сярод наймальнікаў - за кадры.

Блізкасць абласнога цэнтра, рэсурс рабочай сілы і магчымасць за невялікія сродкі набыць вытворчыя памяшканні - вось што прымушае бізнес ісці ў малы горад. Свой філіял у Гарадку размясціла віцебскае прадпрыемства па пашыве жаночага адзення, з яго прыклад узяла і абутковая фабрыка.

Будынак былога Гарадокскага маторарамонтнага завода ўпадабаў вытворца нятканых матэрыялаў. На 8 000 адрамантаваных квадратных метрах размесціцца шматпрофільная вытворчасць.

Алег Папоў, генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю: Мы вырабляем тэрмаклеявыя матэрыялы. Канкурэнтаў у Беларусі няма. Ды і ў Расіі. Калі атрымаецца падпісаць кантракты, наша прадукцыя будзе прадстаўленая ва ўсіх абласных цэнтрах Расіі.


З ростам экспарту тавараў расце і экспарт паслуг. Летась на ўязным турызме і продажы транспартных і медыцынскіх паслуг раён зарабіў больш за 500 000 долараў.