Будслаўская Багародзіца з'явілася на манетах

20 июня 2013

У ліпені вернікі будуць адзначаць 400-годдзе знаходжання на нашай зямлі цудатворнага абраза Божай Маці Будслаўскай. Трэба сказаць, што ўрачыстыя мерапрыемствы пачаліся задоўга да самой даты. Вось і сёння для журналістаў падрыхтавалі прэзентацыю, у цэнтры якой вобраз Багародзіцы.


Расказвае Паліна Іванча.


На манетах Будслаўская Багародзіца з'явілася ўсяго некалькі дзён таму. Сёння сувенірныя грошы прэзентавалі журналістам. Дзесяць сярэбраных рублёў і медна-нікелевы рубель якраз да вялікага святкавання 400-годдзя знаходжання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Тыраж - чатыры і пяць тысяч адпаведна.


Аксана Навасёлава, мастак Нацыянальнага банка Беларусі: На рэверсе манеты вобраз Багародзіцы з дзіцем, узяты з іконы Маці Боская Будслаўская. Для надання ўрачыстага адлюстравання па манеце быў пушчаны арнамент з расліннымі элементамі.


На аверсе - выява Будслаўскага касцёла і рэльефны відарыс дзяржаўнага герба Беларусі. А ўжо ў хуткім часе адна з галоўных хрысціянскіх святынь беларусаў з'явіцца і на паштоўках. Разам з манетамі сёння прэзентавалі святочныя маркі, канверт і штэмпель. Паштовы блок быў выпушчаны тыражом 15 тысяч. Гашэнне калекцыйнай маркі адбудзецца падчас свята ў Будславе. Дарэчы, рыхтавацца да ўрачыстага фэсту пачалі яшчэ тры гады таму.


Юбілейны фестываль адбудзецца 5 і 6 ліпеня. На свята ў Будслаў прыбудуць біскупы з Італіі, Румыніі, Украіны і Польшчы. Увогуле праз два тыдні тут чакаюць амаль 45 тысяч вернікаў. Адзначыць 400-годдзе знаходжання іконы Маці Божай у Будславе многія прыйдуць нават пешшу.


Ёсць звесткі, што запланавана нават велапаломніцтва. Жыхары Гродна падлічылі, што да Будслава ім прыйдзецца ехаць сімвалічныя 400 кіламетраў. А вось вандраванне копій хрысціянскай святыні па Беларусі скончыцца таксама у Будславе. Там будзе асвячоны крыж і памятны знак.


На будслаўскі фэст прыбудзе і папскі пасланнік. Святы айцец Францішак прызначыў ім кардынала Жана-Луі Тарана. Папскі легат узначаліць цэнтральную імшу падчас свята 6 ліпеня.