Брусель узрушыла серыя тэрактаў

22 марта 2016

І пачнем з навін, якія на працягу ўсяго дня паступаюць са сталіцы Бельгіі. Брусель узрушыла серыя тэрактаў. На дадзены момант лік загінуўшых узрос да 34 чалавек. Гэта паведамляе мясцовы тэлеканал BPT. 20 чалавек загінулі ў метро, 14 забітыя ў аэрапорце. Больш як 150 чалавек параненыя. Лічбы могуць узрасці. У краіне аб'яўленая трохдзённая жалоба. На месцах працягвае працаваць паліцыя, медыкі і ратавальнікі. Мясцовыя жыхары паведамляюць аб новых выбухах. Але ў паліцыі заяўляюць, што гэта праца сапёраў. Улады Бельгіі часова закрылі мяжу з Францыяй. З Бруселя эвакуіравалі каралеўскую сям'ю. Меры бяспекі ўзмацняюць і ў іншых еўрапейскіх краінах. Словы падтрымкі бельгійскаму народу паступаюць з усяго свету. Вестку аб тэрактах з болем успрынялі і ў Беларусі. Спачуванні Каралю Бельгіі Філіпу, народу краіны, родным і блізкім загінуўшых выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. За сітуацыяй у Бруселі ўважліва сочаць нашы карэспандэнты.

Расказвае Юрый Казлоў. Некалькі дзён таму бельгійскія спецслужбы радаваліся ад шчасця - у канцы мінулага тыдня ім атрымалася схапіць Салаха Абдэслама. Меркаваны арганізатар лістападаўскіх тэрактаў у Парыжы, якія забралі 130 жыццяў, быў затрыманы ў выніку спецаперацыі ў Маэльбеку - гэта прыгарад бельгійскай сталіцы. Зараз Абдэслама трымаюць у падземнай турме за 13 браняванымі дзвярамі. Шматлікія аналітыкі лічаць, што сённяшнія тэракты ў Бруселі могуць быць помстай за арышт ісламіста.

Дакладную храналогію падзей следчым яшчэ трэба будзе ўстанавіць. Пакуль вядома, што каля васьмі раніцы па мясцовым часе два выбухі прагрымелі ў аэрапорце "Завентэм" - гэта 11 кіламетраў ад Бруселя. Выбухныя прыстасаванні былі вельмі магутнымі і здэтанавалі з інтэрвалам у некалькі хвілін - ля стойкі рэгістрацыі кампаніі American Airlines. У зал вылету ў гэты момант было вельмі шмат пасажыраў. У тэрмінале часткова абвалілася столь, выбітае шкло. Усё вакол засыпала пылам. Зараз пад'езды да паветранай гавані блакіраваныя. Самалёты перанакіроўваюць у іншыя аэрапорты.

Праз гадзіну яшчэ адзін выбух адбыўся на станцыі метро "Маэльбек" у цэнтры бельгійскай сталіцы. Цягнікі спыняліся паміж станцыямі. Людзі выбіраліся з падземкі па тунэлях.

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, на месцы тэракта ў "Завентэме" быў выяўлены аўтамат Калашнікава і некалькі паясоў шахіда. Ужо пасля трагедыі з'явіліся паведамленні аб новых выбухах у цэнтры Бруселя. Але ў паліцыі супакоілі жыхароў, заявіўшы, што гэта праца сапёраў.

Знешнепалітычныя ведамствы еўрапейскіх дзяржаў заклікаюць грамадзян, якія знаходзяцца ў сталіцы ЕС, прытрымлівацца рэкамендацый бельгійскіх улад. Рэкамендацый няшмат - заставацца дома і не паддавацца паніцы. Горад паралізаваны. Грамадскі транспарт не ходзіць. Мабільная сувязь працуе з перабоямі.

Пазбегнуць панікі не атрымліваецца. Еўрапейскія сілавікі прыведзеныя ў стан поўнай баявой гатовасці. Выканаўцы тэрактаў усё яшчэ могуць быць на волі. У Еўропе і Расіі ўзмоцненая ахова паветраных гаваняў.

Нацыянальны аэрапорт Мінск працуе ў штатным рэжыме. Паводле слоў спецыялістаў, яго сістэма бяспекі надзейная. Прамога рэйса з Мінска ў Брусель няма, і рашэнне аб адмене палётаў залежыць не ад нацыянальнага перавозчыка, а ад яе партнёраў.

Па меркаванні экспертаў, тое, што адбылося можа адбіцца на пазіцыі ЕС падчас перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Сірыі. У прыватнасці, Брусель можа сфармуляваць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні так званых умераных сапернікаў Башара Асада. Па злой іроніі літаральна напярэдадні пастаянны прадстаўнік Сірыі пры ААН Башар аль-Джафары гаварыў аб тым, што гэтыя людзі могуць уяўляць небяспеку для Старога Свету.

Тэракты ў Бруселі выклікалі абвал на біржах. Растуць цэны на золата і дзяржаблігацыі. Жыхары горада ў шоку ад таго, што адбылося - станцыя "Маэльбек" знаходзіцца побач з так званым еўрапейскім кварталам. Зараз на ўсіх будынках прыспушчаныя флагі адзінай Еўропы.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Іарданіі, кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі не змагла стрымаць слёзаў. Іарданскі калега міністра паспрабаваў суцешыць яе. Спачуванні кіраўніцтву Бельгіі паступаюць з усяго свету.

Тэлеграму Каралю Філіпу адправіў і беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка. Ва ўрадавым квартале ЕС прыспушчаныя флагі адзінай Еўропы, у самой краіне аб'яўленая трохдзённая жалоба. Гэтай ноччу ў колеры бельгійскага трыкалора ў знак салідарнасці афарбуецца Эйфелева вежа.