Дрэвы з пластыкавых бутэлек, ветраны млын са старых дошак і сапраўдная руская печка з непатрэбнай цэглы. Усё часцей мінчане для ўпрыгожвання тэрыторый каля дома выкарыстоўваюць бытавыя адыходы. І на кветкавых клумбах сярод аксамітак, гартэнзій і півоняў вырастаюць незвычайныя архітэктурныя творы. Як пакінутыя і нікому не патрэбныя рэчы пераўтвараюцца ў прыгожы дэкор, убачыў Аляксандр Харавец.
Яшчэ два гады таму двор дзевятнаццатага дома на Лагойскім тракце нічым не вылучаўся сярод многіх сталічных. Сёння ён здабыў сапраўдны еўрапейскі лоск: прыгожыя клумбы, ветраныя млыны і металічная агароджа.
Дзіцячая пляцоўка ў двары – мясцовая славутасць. Тут з радасцю бавіць час дзятва з суседніх дамоў. Сцены электрападстанцый размаляваныя вясёлымі малюнкамі. А зусім хутка на свабодным месцы з’явіцца і спартыўны гарадок.
Тут жа размясціўся і сапраўдны сад камянёў. І калі зялёныя насаджэнні жыхары набылі за ўласныя сродкі, то валуны знайшлі недалёка ад дома – літаральна ў радыусе 50 метраў.
А пад вокнамі дома №173 на вуліцы Розы Люксембург - сапраўдны райскі куток: сотні кветак, экзатычных раслін, лебядзінае возера. І ўся гэтая прыгажосць створаная рукамі аднаго чалавека. Вось ужо 9 гадоў Валянціна Рабцава стварае Канары ў сваім двары. У якасці ўпрыгожванняў – выключна падручны матэрыял: стары посуд, цацкі.
Адыходы не толькі прыносяць выдатныя прыбыткі, але і выкарыстоўваюцца ў якасці дэкору. І такую карціну можна ўбачыць, здавалася б, на самым брудным месцы - смеццесартавальным заводзе. Аднак тэрыторыя прадпрыемства - узор чысціні і фантазійнага аздаблення. Тут і драўляны млын, і цагляны замак, і пластыкавыя страусы ды паўліны.
Мінчане прыгажосць заўважаюць і ахвотна пераймаюць вопыт. Тым больш што на стварэнне ўласных шэдэўраў, акрамя фантазіі, ніякіх сродкаў не трэба.













