Брэсцкай мытні - 80 гадоў

26 ноября 2019
На варце эканамічнай бяспекі краіны  вось ужо 80 гадоў прадстаўнікі Брэсцкай мытні. Найстарэйшая мытная служба краіны  адзначае юбілей. Сёння на мяжы выкарыстоўваюць  самыя сучасныя тэхналогіі. Адна з навінак - 3D сканер для надгляду багажу. Абсталяванне дазваляе ўбачыць у разрэзе нават самыя дробныя рэчы. Рэпартаж з мяжы - Марыі Тройніч. 

3D-сканер з'явіўся на Брэсцкай мытні


"Варшаўскі мост" - найбуйнейшы пункт мытнага афармлення краіны. За суткі праз пагранпераход праязджаюць каля трох тысяч машын. Каб працэдура праходжання  мяжы была хутчэй, сёння выкарыстоўваюць  3D-тэхналогіі. 

Убачыць змесціва любой ёмістасці, не зазіраючы ўнутр: новая тэхніка на беларуска-польскай мяжы дазваляе распазнаць драбнюткія дэталі багажу. Удасканалены сканер працуе па прынцыпе рэнтгену. Некалькі секунд - і на экране манітора з'яўляецца аб'ёмны малюнак. Што знаходзіцца ў гэтым тэрмасе: вось ён знутры, і мы можам разгледзець цалкам гэты тэрмас.

Метал і арганічныя рэчывы сканер пазначае рознымі колерамі. Гэта таксама спрашчае і паскарае надгляд. 

Брэсцкая - найстарэйшая мытня краіны. Тут пачалася гісторыя ўсёй службы. У дзень вялікага юбілею адзначылі лепшых супрацоўнікаў. Узнагароды сёння атрымалі сорак  мытнікаў. Сямі з іх уручылі дзяржаўную ўзнагароду: медаль "За бездакорную службу". 

Аляксандр Піхун, начальнік Брэсцкай мытні: "За мінулы год восем мільёнаў чалавек перасеклі мяжу ў зоне дзейнасці Брэсцкай мытні, гэта 85 % насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Мы ўвесь час знаходзімся ў эксперыменце: гэта і дасканаласць тэхналогій афармлення, гэта і дасканаласць праграмных тэхналогій. Таму, вядома ж, будзем рухацца наперад".

Зараз мяжа ў чаканні навагодніх святаў. Для памежных і мытных служб - гэта  гарачая пара: пасажырапаток павялічваецца ў разы. Паводле слоў  супрацоўнікаў мытні, нягледзячы на гэта, падарожжа будзе камфортным: для гэтага ў пунктах пропуску сёння ёсць усе магчымасці.