Брэсцкі ювелір узнавіў з эскізаў абраз святой Варвары

23 мая 2020
Калекцыю беларускіх іконаграфічных святынь папоўніла выява святой Варвары. 

У золаце яе выканаў знакаміты брэсцкі ювелір Мікалай Кузьміч (майстар адноўленага Крыжа Еўфрасінні Полацкай). Заказ - ад каталіцкага мецэната, яго імя не афішуецца. Вялікапакутніцу Варвару шырока шануюць як праваслаўныя, так і каталікі. Выява ў класічнай чаканцы падарожнічае па краіне. 

Падрабязней раскажа Лідзія Заблоцкая.

Абраз святой Варвары - часова ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых 


Новая выява ўбачыла святло ў пярэдадзень Вялікадня. Тады ж яе асвяцілі ў адным з самых найстарэйшых каталіцкіх храмаў Віцебска. Ён таксама носіць імя святой Вялікапакутніцы Варвары. І за апошнія два месяцы вернікі абедзвюх канфесій змаглі пакланіцца гэтаму абразу ў Наваградку і Баркалабаве. А сёння святая Варвара часова знаходзіцца тут, у храме-помніку Усіх Святых.

Залаты абраз у тэхніцы перагародчатай эмалі

Вобразу моляцца, каб пазбегнуць раптоўнай трагедыі. Архітэктары, шахцёры і пажарныя просяць падтрымкі. Эфект старажытна візантыйскага цуду - не толькі ў смарагдах, тапазах і высакародным метале. Тут выключнасць - менавіта ў тэхніцы. У найтонкіх "залатых" перагародках (іх не ўбачыце няўзброеным вокам) - уся палітра французскай эмалі. Вобраз - амаль 700 грамаў - адзіны ў свеце, да яго ж прыкладаецца і тэхнічны пашпарт з падрабязнасцямі. 

Сакрэт выявы - у абярэгу ў выглядзе Слуцкага пояса 


І ў Барбары ёсць свой абярэг. Хаваецца на адваротным баку - гэта падабенства Слуцкага пояса. 

Аўтар іконаграфічнай карціны - брэсцкі ювелір Мікалай Кузьміч



Рэліквію 20 на 30 узнавіў з эскізаў ювелір Мікалай Кузьміч. Для майстра - гэта першая  вельмі своечасовая праца з каталіцкім акцэнтам. 8 месяцаў работы з "мануальнымі напрацоўкамі" і дэталёвае вывучэнне жыцця святой. Знакаміты аўтар Крыжа Еўфрасінні дбайна працаваў з вогненным сааўтарам пры тэмпературы  800 градусаў. 

Абраз святой Варвары адправіцца ў касцёл у Ружанах, які будуецца

 
Нават пабыць ля гэтай рэліквіі - ужо значыць прычасціцца. Самі святары гатовы прымаць эстафету абраза, каб багаслаўляць і людзей, і месцы. Пакуль абраз стаіць ля іканастаса храма-помніка, але пазней зойме пастаяннае месца ў касцёле Святой Тройцы ў Ружанах. Усяго ж мецэнат і майстар ужо абмяркоўваюць цэлую серыю такіх святынь. Яны не сыдуць у асабістую калекцыю. Памаліцца ля нацыянальнага сімвала надзеі зможа кожны.